Будынак былой мужчынскай гімназіі


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Будынак былой мужчынскай гімназіі — помнік архітэктуры класіцызму. Узведзены ў 1809 годзе на цэнтральнай вуліцы горада. З'яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.

У 1789 годзе ў Магілёве было адкрыта Галоўнае народнае вучылішча. 15 верасня 1809 года магілёўскае Галоўнае народнае вучылішча было ператворана ў мужчынскую гімназію. Яна размясцілася ў трох старых будынках, якія належалі гораду. У канцы лета 1830 года гімназія перасялілася ў будынак, які да гэтага займалі вайскоўцы. Разам з ёй у гэтых жа памяшканнях размясціліся павятовае вучылішча і ланкастэрская школа. Вучні і настаўнікі гімназіі падтрымалі паўстанне 1863–1864 гадоў. У выніку гімназія была часова закрыта, частка настаўнікаў звольнена, частка арыштавана. Новы дырэктар гімназіі ўзмацніў нагляд за вучнямі.

З 1 лютага 1919 года былая Магілёўская губернская мужчынская гімназія пачала называцца Магілёўскай савецкай школай. У перадваенны савецкі час школа некалькі разоў змяняла мову навучання: да 1926 года яна была рускай, з 1926 года па 1938 год – яўрэйскай, у 1938–1941 гадах – беларускай, але вялікая частка прадметаў усё адно выкладалася па-руску.

Падчас нямецкай акупацыі школа працягнула сваю дзейнасць, аднак пад назвай “Народная школа № 3” і ў іншым будынку, бо ранейшы будынак быў аддадзены пад казарму і перасылачны пункт. У ходзе ваенных дзеянняў гэты будынак моцна пацярпеў. Да 1949 года школьны будынак быў цалкам адрамантаваны. З 1956 года ў школе пачалося сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1963 годзе быў пабудаваны новы школьны будынак, а ў 1983 годзе да яго быў дабудаваны яшчэ адзін корпус. У 1991 годзе рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта школе зноў быў нададзены статус гімназіі.

Дата публікацыі: 01.10.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць