Будынак былога Дваранскага сходу


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/1c33b98f-8d42-42bb-85e0-803bac0361d1.mp3

Будынак Дваранскага сходу размясціўся ў цэнтры Магілёва. Помнік грамадзянскай архітэктуры другой паловы ХІХ стагоддзя.

Будынак узведзены ў другой палове XIX стагоддзя. У 1895 годзе ён належаў купцу Цэтліну, і ў ім размяшчаўся Дваранскі сход і бібліятэка. З 1903 па 1909 год домам валодаў падпалкоўнік Іван Цімошчанка. У гэты час у зале на другім паверсе праходзілі пасяджэнні, сходы розных арганізацый, чыталі лекцыі, адзначалі святы і юбілеі. У будынку працаваў жаночы гурток, дзе займаліся вышываннем, вязаннем і іншымі жаночымі справамі. У кастрычніку 1905 года ў будынку адкрыўся літаратурна-музычна-драматычны гурток, які працаваў да 1917 года. У 1912 годзе гурток аб'ядноўваў каля 300 чалавек. У яго склад уваходзілі сімфанічны аркестр і хор.

З 1909 года домам валодаў фельчар Неўх Давыдавіч Паўлавіцкі, уладальнік другога ў горадзе кінатэатра “Мадэрн”. Ён набыў суседні двухпавярховы дом у купца Ханіна. У гэтых будынках ён адкрыў гатэль “Венецыя”, рэстаран, бакалейную, фруктовую, галантарэйную крамы, абутковую майстэрню. У 1913—1914 гадах Паўлавіцкі зрабіў у адзіным стылі надбудову трэцяга паверха на 10 пакояў, перабудаваў інтэр'ер, абставіў клубную залу. Фасад будынка захаваўся да нашых дзён.

У 1915 годзе ў доме размяшчаўся магілёўскі жаночы камітэт па нарыхтоўцы цёплых рэчаў для арміі. Яго старшынёй была жонка магілёўскага губернатара Яўгенія Пільц.

У 1918 годзе ў будынку тагачаснага грамадзянскага клуба знаходзілася акцызнае ўпраўленне, гасцініца “Грамадзянская” і буфет. Тут жа размяшчаўся і чырвонаармейскі клуб.

Падчас нацысцкай акупацыі Магілёва (з 1941 па 1944 год) у будынку знаходзіўся адзін з аддзелаў гарадской управы і бібліятэка. Пасля вызвалення горада, з 1944 года, будынак забралі для патрэб камуністычнай партыі. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў у сутарэнні дома знаходзіўся штаб грамадзянскай абароны, а ў правай частцы будынка была бібліятэка. У 1972 годзе ў гэтым будынку адкрылі гарадскі Дом культуры. Сёння тут знаходзіцца Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу.

Дата публікацыі: 30.09.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць