Кафедральны сабор Трох Свяціцеляў


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Кафедральны сабор Трох Свяціцеляў — галоўны праваслаўны храм горада Магілёва, помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя.

Кафедральны сабор Трох Свяціцеляў названы ў гонар трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Яна Залатавуснага. Закладка першага каменя храма адбылася ў 1903 годзе. Яго ўзвядзенне працягвалася 11 гадоў, праходзіла пад наглядам губернскага архітэктара. У 1914 годзе будаўніцтва было скончана. Храм пабудаваны ў форме крыжа і завершаны сямю купаламі. Падчас Першай сусветнай вайны і знаходжання ў Магілёве стаўкі расійскага галоўнакамандавання храм часта наведваў апошні расійскі імператар Мікалай II.

З перапынкамі храм дзейнічаў да канца 50-х гадоў ХХ стагоддзя. У тым ліку ён быў адкрыты для вернікаў у часы нацысцкай акупацыі. У 1961 годзе ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі былі знесены званіца, купалы, крыжы, а сам сабор Трох Свяціцеляў быў закрыты. Будынак прыстасавалі пад заводскі клуб. У памяшканні пад музыку духавога аркестра сталі ладзіць танцавальныя вечары, а потым была адкрыта гарадская дыскатэка “Рэзананс”.

Дзякуючы палітыцы перабудовы, у канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя адбылося адраджэнне духоўнага жыцця. 25 снежня 1989 года храм Трох Свяціцеляў зноў быў асвячоны і пачаў дзейнічаць. Таксама з 1989 года па благаславенні архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Максіма пры храме было заснавана сястрынства. Сёння храм з'яўляецца цэнтрам праваслаўнага жыцця ў Магілёве.

Храм пабудаваны ў форме крыжа і мае сем купалаў, над уваходам — званіца. Дадзены будынак выкананы ў псеўдарускім стылі, у яго можна ўвайсці з трох бакоў — яшчэ адна, звязаная з назвай храма, адметная рыса будынка.

Дата публікацыі: 30.09.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць