Будынак жаночага епархіяльнага вучылішча


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/329fc602-ca68-4981-a352-20520e2c0f4f.mp3

Будынак Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча з’яўляецца помнікам архітэктуры канца ХІХ стагоддзя. Пабудаваны ў стылі эклектыкі.

У 1872 годзе пасля візіту ў Магілёў кіраўніка Праваслаўнай царквы ў Расійскай імперыі обер-пракурора Сінода Дзмітрыя Талстога, было прынята рашэнне заснаваць у горадзе духоўнае жаночае вучылішча. З гэтай мэтай за 6 тысяч рублёў набылі пляц у Задубравенскім пасадзе. Узвядзенне будынка каштавала 220 тысяч рублёў. Частку грошаў выдзеліў Сінод, астатнюю суму на працягу 20 гадоў сабралі вернікі і духавенства. Будоўля пачалася ў жніўні 1889 года, а 3 верасня 1892 года вучылішча прыняло першых выхаванак.

Вучылішча ўяўляла сабой мураваны трохпавярховы будынак на высокім цокальным паверсе. Да цэнтральнай часткі далучаліся больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтварылі ўнутраны дворык. У цэнтры па восі галоўнага ўваходу спачатку размяшчалася царква, злучаная з будынкам крытым пераходам. Вокны першага і другога паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі. Планіроўка будынка калідорная – у цэнтральнай частцы былі класныя памяшканні, у бакавых крылах – жылыя і дапаможныя памяшканні з асобнымі ўваходамі.

У падвальным памяшканні знаходзілася сталоўка, буфет, кухня, памяшканне для тэхнічных работнікаў. На першым паверсе былі кватэры начальніцы вучылішча, наглядчыка, настаўнікаў, выхавацеляў, узорная школа, рукадзельны пакой, канцылярыя з архівам і гардэроб. На другім паверсе размяшчаліся класы, рэкрэацыйная зала, бібліятэка, настаўніцкая, а ў левым крыле – шпіталь. На трэцім паверсе знаходзіліся 6 спальняў, 6 кватэр для настаўніц і запасное памяшканне для шпіталя.

Пасля ўсталявання савецкай улады і да 1956 года ў будынку размяшчалася Магілёўскае педагагічнае вучылішча фізічнага выхавання. Сёння ў будынку былога жаночага епархіяльнага вучылішча знаходзіцца Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №1.

Дата публікацыі: 01.07.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць