Магілёўскі драматычны тэатр


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/93c70a00-b546-4adb-a8a8-7684568af391.mp3

Магілёўскі драматычны тэатр - стаў першым на тэрыторыі Беларусі асобным спецыяльным тэатральным будынкам. Яго наведвалі людзі, што тварылі гісторыю і ўвайшлі ў яе назаўжды.

Доўгі час у Магілёве не было тэатральнага будынку, а спектаклі праходзілі ў прыватных дамах заможных гараджан. У 1870-я гады ў адміністрацыі Магілёўскай губерні з’явілася ідэя аб будаўніцтве ў горадзе ўласнага тэатра. Быў абвешчаны збор сродкаў, у якім удзельнічалі шырокія пласты грамадскасці. Да 1886 года неабходная сума была сабраная.

Аўтарамі праекта сталі магілёўскі губернскі архітэктар Пётр Камбураў і інжынер Уладзіслаў Міляноўскі. Месцам для ўзвядзення тэатральнага будынку была выбрана плошча каля Мураўёўскага сквера – на перакрыжаванні Дняпроўскага праспекта (зараз вуліца Першамайская) і вуліцы Дваранскай (зараз вуліца Камсамольская). Гэта месца было найбольш зручна наведваць жыхарам усіх частак горада. Будоўля распачалася ў 1886 годзе і завершылася ў канцы 1888 года. А ўжо ў 1889 годзе трупа Георгія Дзеркача адкрыла першы тэатральны сезон у Магілёве.

У савецкі час тэатральны будынак выкарыстоўваўся па прызначэнні. У 1953 годзе ў Магілёве быў створаны тэатр з пастаяннай трупай, які дзейнічае і па сённяшні дзень. У сярэдзіне 1980-х гадоў Міністэрствам культуры БССР было прапанавана знесці стары будынак тэатра, а на ягоным месцы пабудаваць новы. Аднак гэта прапанова выклікала негатыўны грамадскі рэзананс і ад зносу адмовіліся. У 1992 годзе пачалася рэкаструкцыя тэатральнага будынка. І толькі ў 2001 годзе тэатр зноў адчыніў дзверы для гледачоў. На сёння будынак Магілёўскага драматычнага тэатра ўяўляе сабой прамавугольнік, у цэнтры якога размешчана тэатральная зала на 500 месцаў. Галоўны фасад упрыгожваюць два вежападобныя аб’ёмы. У аздабленні інтэр’ера шырока выкарыстана разьба па дрэве.

У 2003 годзе перад пачаткам новага тэатральнага сезона каля галоўнага ўвахода адбылося адкрыццё бронзавай скульптурнай кампазіцыі “Дама з сабачкам” (скульптар Уладзімір Жбанаў). А ў 2008 годзе будынак Магілёўскага тэатра быў унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Дата публікацыі: 12.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць