Ратуша


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/4d79a9c4-854c-40bb-b289-10c314425814.mp3

Магілёўская ратуша — помнік архітэктуры ў цэнтральнай частцы Магілёва, сімвал горада. Існавала ў XVII—XX стст. У 2008 годзе была адноўлена.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала.

У верасні 1679 года пачалося будаўніцтва мураванай ратушы на Гандлёвай плошчы. Асноўны корпус быў дабудаваны ў 1681 года. Першая вежа абвалілася. Новая 8-гранная 5-ярусная вежа вышынёй 46 метраў была ўзведзена ў 1692 годзе. Разам са званіцай Богаяўленскага сабора вежа ратушы з’яўлялася асноўнай вертыкальнай дамінантай горада.

Падчас Паўночнай вайны ў верасні 1708 года ратуша згарэла, але была хутка адноўленая. А ў 1733 годзе ратуша была капітальна перабудаваная. Будынак быў самым высокім у горадзе.

Падчас Другой сусветнай вайны будынак ратушы быў моцна пашкоджаны. 28 снежня 1952 года на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні. У 1953 годзе рашэннем мясцовых уладаў будынку ратушы быў нададзены статус помніка архітэктуры. Аднак рэстаўрацыя не паспела пачацца, у ліпені 1957 года будынак ратушы быў узарваны.

У 2008 годзе ў незалежнай Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё адбудаванай Магілёўскай ратушы.

Ратуша сёння ‑ гэта мураваны двухпавярховы будынак з васьміграннай пяціяруснай вежай пасярэдзіне галоўнага фасада. Вышыня ратушы складае 14 метраў, вышыня вежы— 47 метраў 30 сантыметраў. Фасады ратушы адноўлены паводле ўзору сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. На самым версе 47-метровай вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Генадзем Галоўчыкам. У 2014 годзе на ратушнай вежы з’явілася механічная фігура гарадскога трубача. Аўтарам ідэі і выканаўцам механічнай часткі гэтай канструкцыі стаў Генадзь Галоўчык, а аўтарам мастацкай часткі ‑ магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў.

Дата публікацыі: 12.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць