Брэсцкая крэпасць


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/6b4ecfe7-2591-4220-aeaf-4394ef23ba99.mp3

Брэсцкая крэпасць – адно з самых знакавых месцаў Брэста і Беларусі.

У 1833 годзе паводле праекту Карла Апермана ў цэнтры старога горада пачалі будаваць крэпасць. У час будаўніцтва расійскія ўлады знішчылі практычна ўвесь стары горад, а сам Брэст перанеслі на некалькі кіламетраў на ўсход.

26 красавіка 1842 года крэпасць дабудавалі. Яна складалася з цытадэлі і трох абарончых умацаванняў агульнай плошчай 4 квадратныя кіламетры.

У 1864–1888 гадах крэпасць мадэрнізавалі і абнеслі колам фортаў (у дыяметры 32 кіламетры). Працы над другім колам умацаванняў перарвала Першая сусветная вайна. З пачаткам вайны Брэсцкая крэпасць рыхтавалася да абароны, аднак у ноч на 13 жніўня 1915 года ў ходзе агульнага адступлення расійскія войскі пакінулі яе і часткова ўзарвалі крэпасць.

3 сакавіка 1918 года ў Брэсцкай цытадэлі савецкая Расія і блок цэнтральных краін на чале з Германіяй падпісалі Брэсцкі мірны дагавор. Да канца 1918 года крэпасць знаходзілася ў руках немцаў, а потым патрапіла пад кантроль палякаў. У 1920 годзе на кароткі час яе займала Чырвоная Армія. У 1921–1939 гадах польскія ўлады выкарыстоўвалі будынкі Брэсцкай крэпасці як казармы, ваенны склад і турму.

У пачатку Другой сусветнай вайны з 14 да 22 верасня 1939 года польскі гарнізон на чале з генералам Канстанцінам Плісоўскім абараняў крэпасць ад немцаў. 22 верасня 1939 года часткі Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Брэст і атакавалі рэшткі польскага гарнізона ў крэпасці. У той жа дзень супраціўленне палякаў зламалі і правялі сумесны нямецка-савецкі ваенны парад ў Брэсце.

22 чэрвеня 1941 года савецкі гарнізон Брэсцкай крэпасці апынуўся пад ударам нямецкіх войскаў. Каля паловы гарнізона з часткай тэхнікі здолела пакінуць крэпасць, але абаронцы, якія засталіся ў крэпасці, яшчэ месяц працягвалі супраціўляцца.

Праз 20 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1965 годзе, Брэсцкая крэпасць атрымала званне “Крэпасць-герой”. На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў 1969–1971 гадах стварылі мемарыяльны комплекс. Мемарыял пачынаецца з манументальнага галоўнага ўвахода ў выглядзе велізарнай зоркі, прарэзанай ў бетонным блоку. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля – манумент “Мужнасць”, пагрудная скульптура воіна вышынёй 33,5 метраў. 100-метровы абеліск “Штык” бачны з любой кропкі крэпасці. Ён звязаны з манументам “Мужнасць” шэрагамі надмагільных пліт з імёнамі савецкіх абаронцаў 1941 года. Скульптурная кампазіцыя “Смага” – гэта выява савецкага салдата, які, абапіраючыся на аўтамат, з апошніх сіл імкнецца дацягнуцца да ракі і зачарпнуць каскай вады.

Дата публікацыі: 26.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць