Парк імя Аляксандра Васільевіча Суворава — парк культуры і адпачынку ў Кобрыне, помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Кобрынскі парк названы ў гонар расійскага палкаводца Аляксандра Васільевіча Суворава, якому належаў маёнтак «Кобрынскі ключ», утвораны ў 1768 годзе па распараджэнні падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза. У 1795 годзе кобрынскі маёнтак разам з паркам быў падораны Кацярынай II Сувораву. У 1808 годзе маёнтак быў прададзены маёру Гельвічу. З сярэдзіны XIX стагоддзя цэнтральная сядзіба належала Аляксандру Міцкевічу — брату паэта Адама Міцкевіча. З 1948 года былы маёнтак з'яўляецца паркам культуры і адпачынку імя Суворава.
У парку расце больш 70 відаў дрэў і хмызнякоў, у тым ліку экзоты: кіпарысавік гарохаплодны, спірэя Біларда, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і іншыя. У парку знаходзіцца летні тэатр, атракцыёны, танцавальная пляцоўка, водныя веласіпеды. Кампазіцыйнай воссю парка з'яўляецца цэнтральная алея (працяг вуліцы Суворава), якая канчаецца вадаёмам. Сам парк у плане прамавугольны, у аснове планіроўкі дамінаваў рэгулярны стыль, пасля дадалося некалькі ўчасткаў, выкананых у свабодным англійскім стылі.
Дата публікацыі: 28.09.2023.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму