Свята-Ільінская царква


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/b6332594-a0aa-4487-b3ef-77bfcd5e6a24.mp3

Свята-Ільінская царква – дзейная стараверская царква, помнік беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVIII стагоддзя.

Свята-Ільінская царква знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Камісарава і Ільінскага спуску, на беразе Сожа. Яна была пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя і асвячоная ў 1794 годзе. Пры храме існаваў стараверскі Спаскі манастыр. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў манастыры жылі 23 манашкі. Храм і манастыр знаходзіліся ва ўладаннях князёў Чартарыйскіх. Спробы закрыць царкву прадпрымалі расійскія ўлады ў ХІХ і савецкія ўлады ў ХХ стагоддзі. Падчас сталінскіх рэпрэсій закатавалі двух настаяцеляў Свята-Ільінскага храма: Івана Мамантава і Андрэя Бондарава. У 1937 годзе царкву закрылі, а храм перадалі трыкатажнай фабрыцы. Адкрылі ж у 1941 годзе, з пачаткам нацысцкай акупацыі. У пасляваенныя часы храм працягваў функцыянаваць.

Трохчасткавая кампазіцыя храма складаецца з квадратных зрубаў бабінца, малітоўнай залы і пяціграннай апсіды з бакавой рызніцай. На галоўным фасадзе ўзвышаецца двух'ярусная вежа-званіца, накрытая паўсферычным купалам. Цэнтральны высокі зруб завершаны двух'ярусным светлавым васьмерыкам з гранёным купальным пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Дата публікацыі: 05.01.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць