Царква Святога Мікалая – праваслаўны храм, помнік архітэктуры барока.
У XVII стагоддзі кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла атрымаў згоду Вялікага Князя Літоўскага і Караля Польскага Уладзіслава IV на будаўніцтва ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Драўляны храм пабудаваў епіскап Сільвестр Косаў у 1637 годзе і атрымаў назву Мікольская царква. Будаўніцтва мураванага храма пачалося ў 1669 годзе, а ў 1672 годзе яго асвяціў епіскап Феадосій.
У пачатку XVIII стагоддзя храм пацярпеў ад расійскіх войскаў, якія занялі Магілёў у час Паўночнай вайны са шведамі. Пасля аднаўлення царква стала манастырскай. На пачатку ХХ стагоддзя правялі рэстаўрацыю і рамонт храма.
У 1934 годзе царкву Святога Мікалая закрылі ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады. Царкоўныя рэчы канфіскавалі, а іканастас разбурылі. У 1937 годзе спыніла існаванне і Магілёўская епархія, а Свята-Мікольскую царкву ператварылі ў перасыльную турму. У час Другой сусветнай вайны храм быў моцна пашкоджаны. З 1946 года ў ім размяшчалася кніжная база, а будынак паступова прыходзіў у заняпад.
У 1981 годзе пачалі рэстаўрацыйныя работы. У 1991 годзе, у часы незалежнасці Беларусі, царкву і манастырскія будынкі перадалі вернікам. Падчас рамонтных работ на царкоўнай тэрыторыі знайшлі рэшткі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Дата публікацыі: 30.06.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму