Царква евангельскіх хрысціян баптыстаў "Вулька"


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Першы малітоўны дом евангельскіх хрысціян баптыстаў у вёсцы Вулька-Падгародская (сёння ў межах Брэста) быў пабудаваны ў 1932 годзе. Ад назвы вёскі паходзіць і назва баптысцкай царквы. Берасцейцы яе называюць проста “Вулька” або “на Вульцы”. У 1980-х гадах малітоўны дом быў перабудаваны і ў такім выглядзе дайшоў да нашага часу. Сучасны адрас малітоўнага дому Вулькаўскай царквы: горад Брэст, вуліца Падгародская 120/1.

Першыя вернікі-пратэстанты з’явіліся ў Брэсце яшчэ ў 1553 годзе, калі канцлер Вялікага Княства Літоўскага і берасцейскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Брэсце кальвінскі збор. Ішоў час, на змену Рэфармацыі прыйшла Контррэфармацыя, пратэстанцкая супольнасць у Беларусі перажывала крызіс. Адраджэнне беларускага пратэстантызму пачалося ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. А ў 1920-х–1930-х гадах на землях Заходняй Беларусі адбывалася Вялікае евангельскае прабуджэнне, у час якога з’явіліся сотні пратэстанцкіх цэркваў (баптыстаў, метадыстаў, хрысціян веры евангельскай і іншых).

Першыя вернікі-баптысты ў Брэсце з’явіліся ў 1912 годзе, калі ў горадзе пасяліўся евангельскі прапаведнік Мікалай Макарэўскі са сваёй сям’ёй. Але з пачаткам Першай сусветнай вайны берасцейскія вернікі-баптысты былі вымушаныя пакінуць родны горад. Аднаўленне служэння баптысцкай царквы ў Брэсце звязана з імем верагодна самага вядомага беларускага пратэстанта ХХ стагоддзя Лукаша Дзекуць-Малея (1888–1955). Пастар Дзекуць-Малей, знакаміты сваім перакладам Бібліі на беларускую мову, прыехаў у Брэст у снежні 1921 года і адразу пачаў арганізоўваць царкву. У той час горад быў разбураны вайной, многія людзі страцілі сваіх родных і блізкіх.

Прапаведаваў Лукаш Дзекуць-Малей не толькі ў Брэсце, але і ў навакольных вёсках, у тым ліку ў Вульцы-Падгародскай. Хутка ў Вульцы арганізавалася баптысцкая грамада, якая нясе служэнне і сёння. На сучасны момант царква “на Вульцы” налічвае сотні вернікаў, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю і сацыяльнай працай. Пры царкве створаны 3 хары, існуе біблейская школа. Царкоўнае служэнне “Дзеці ў бядзе” аказвае дапамогу сем’ям дзяцей, хворых на анкалогію. У 2021 годзе царква ЕХБ “на Вульцы” святкавала сваё стагоддзе.

Дата публікацыі: 22.02.2024.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць