Кляштар францысканцаў і касцёл Святой Тройцы


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/4e95feaf-1528-4a7a-ba41-420b8522b93d.mp3

Кляштар францысканцаў і касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў свой час утваралі рымска-каталіцкі духоўны комплекс у горадзе Сянно.

У 1609 годзе ўладальнік Сянна Яўстах Курч узвёў для ордэна францысканцаў драўляны касцёл, які атрымаў імя Францыска Асізскага, заснавальніка ордэна. Архітэктарам пабудовы з'яўляўся Ёган Вільгельм Фрэзер.

У 1772 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, пры дапамозе Тадэвуша Агінскага і ягонай жонкі Ядвігі драўляны будынак касцёла быў заменены на цагляны і асвячоны ў гонар Святой Тройцы. У гэтым жа годзе з Рыма сюды былі перанесены мошчы святога Фартуната. Дазвол на гэта быў атрыманы ад Папы Рымскага Клімента XIV.

У 1809 годзе з заходняга боку касцёла быў пабудаваны новы жылы будынак манастыра. Кляштар у той час з'яўляўся асяродкам культуры, меў багатую бібліятэку, пры ім была адкрыта першая ў Сянне школа.

Пасля паўстання 1863–1864 гадоў кляштар францысканцаў быў закрыты расійскім урадам, а касцёл перайшоў да епархіяльнага духавенства ў складзе Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі.

Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года кляштар выкарыстоўвалі пад казармы Надзвычайнай камісіі па барацьбе з контрэвалюцыяй і сабатажам. Потым некаторы час ён быў Домам селяніна, а пасля – ваенным камісарыятам. У час Другой сусветнай вайны будынак кляштара быў часткова разбураны. У пасляваенныя гады ён выкарыстоўваўся як склад, а сёння – як каўбасны цэх. Былы францысканскі кляштар – адзіны старажытны будынак гандлёвай плошчы горада.

Касцёл Святой Тройцы дзейнічаў да 1937 года. Будынак быў моцна пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны, а пасля выкарыстоўваўся як склад. 17 верасня 1962 года касцёл быў знішчаны.

Аднаўленне парафіі адбылося толькі ў пачатку ХХІ стагоддзя ў незалежнай Беларусі. 28 сакавіка 2001 года ў Сянне была афіцыйна зарэгістравана парафія Найсвяцейшай Тройцы.

Дата публікацыі: 15.02.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць