Агульныя звесткі


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/39e6becc-6e76-42a6-918d-31f7d45d0d59.mp3

Сянно – невялікі горад у Віцебскай вобласці, размешчаны на маляўнічым возеры з назвай "Сянно". З 1938 года – раённы цэнтр.

Людзі на беразе Сенненскага возера рассяліліся яшчэ ў старажытныя часы. У пісьмовых крыніцах Сянно ўпершыню згадваецца ў 1534 годзе, таму гэта дата афіцыйна прынята за час заснавання горада, хоць ёсць звесткі пра існаванне паселішча яшчэ ў 1442 годзе. У XVI стагоддзі Сянно было мястэчкам Віцебскага павета Вялікага Княства Літоўскага, якое належала князям Відніцкім-Любецкім і Сененскім-Грыбоўскім. У першай палове XVII стагоддзя мястэчка перайшло да Сапегаў. У другой палове XVII стагоддзя ўладальнікамі Сянна сталі прадстаўнікі роду Агінскіх.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Сянно апынулася ў складзе Расійскай імперыі, атрымала статус горада і стала цэнтрам Сенненскага павета. У 1781 годзе быў зацверджаны герб горада – на зялёным полі дзве перакрыжаваныя залатыя касы, якія сімвалізавалі багацце сена.

На працягу ХІХ стагоддзя горад рос і развіваўся. У 1903 годзе было заснавана Сенненскае жаночае прыходскае вучылішча. У горадзе працавалі скураныя і ганчарныя заводы, фабрыка па вырабе папяросных гільз. Праз Сянно прайшла тэлеграфная лінія.

Знешні выгляд горада стваралі францішканскі кляштар, каталіцкі касцёл Святой Тройцы, драўляная царква Прарока Іллі (на яе месцы ў 1867 годзе быў пабудаваны мураваны храм Святога Мікалая). Краявіды Сянна ХІХ стагоддзя знайшлі адлюстраванне на палотнішчах Напалеона Орды.

У 1918 годзе Сянно было ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі, а з 1919 года ўваходзіла ў склад савецкай Расіі. У 1924 годзе Сенненшчына была вернутая ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі або Савецкай Беларусі. У міжваенны перыяд у Сянне працавала некалькі школ, у тым ліку габрэйская. На пачатку нацысцкага ўварвання на тэрыторыю Беларусі, 6–10 ліпеня 1941 года, у раёне Сянна адбылася буйная танкавая бітва паміж нямецкімі і савецкімі войскамі.

У пасляваенны час у рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкія ўлады ўзарвалі касцёл Святой Тройцы. Гэта адбылося 17 верасня 1962 года.

З 1991 года Сянно – раённы цэнтар незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Дата публікацыі: 15.02.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць