Гомельская царква евангельскіх хрысціян баптыстаў


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/e15ff16a-811e-4cea-9be8-0c4d177411bf.mp3

Адна з найстарэйшых баптысцкіх цэркваў Беларусі, хрысціянскі духоўны цэнтр.

У 1907 годзе ў Гомелі была заснавана першая баптысцкая царква. Ля вытокаў баптысцкага руху ў абласным цэнтры стаялі Навум і Барыс Прыходзькі. Афіцыйнае прызнанне з боку ўлад царква атрымала ў 1912 годзе. Аднак ваенныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя спрычыніліся да таго, што дом малітвы Гомельскай баптысцкай царквы ўзвялі толькі ў 1926 годзе. Але ўжо ў 1933 годзе ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады малітоўны дом закрылі. Пачаўся працэс рэпрэсій, ганенняў і арыштаў членаў царквы.

У пасляваенны час улады не далі дазволу на адкрыццё малітоўнага дома, і набажэнствы праходзілі ў прыватных дамах членаў царквы. Напрыканцы 1980-х гадоў, калі атэістычная прапаганда аслабла, пасля 8-гадовага змагання вернікі дамагліся аднаўлення афіцыйнай рэгістрацыі царквы. Гэта адбылося ў 1987 годзе.

У 1990 годзе правялі першае набажэнства ў новым будынку царквы з вялікай малітоўнай залай. Архітэктура храма нагадвае аб'екты грамадзянскага будаўніцтва. Разам з тым, з вонкавага боку сцены ўпрыгожаны барэльефамі і надпісамі. Інтэр'ер аздоблены ляпнінай і надпісамі на біблейскую тэматыку.

Аднаўленне незалежнасці Беларусі ў 1990-я гады стварыла ўмовы для духоўнага прабуджэння. Гомельская царква імкліва расла, і ў хуткім часе на яе базе ўзніклі тры новыя баптысцкія царквы Гомеля.

На сёння пры храме Гомельскай царквы ЕХБ дзейнічае нядзельная школа, маладзёжны хор, бібліятэка, праводзяць хрысціянскія летнікі і іншыя мерапрыемствы. З 2002 года працуе хрысціянскі духоўны цэнтр. Гэта вялікі трохпавярховы сучасны будынак з гасцініцай і памяшканнямі для маштабнага моладзевага служэння. Сёння членамі цэнтральнай баптысцкай царквы Гомеля з'яўляюцца каля 500 чалавек.

Дата публікацыі: 20.12.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць