Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў узведзены ў Браславе ў 1824 годзе.

Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі быў пабудаваны каля старажытнага замчышча. Будоўляй кіраваў ксёндз Ігнат Навіцкі. Працы ў касцёле працягваліся да 1840-х гадоў. У 1897 годзе з ініцыятывы і пад кіраўніцтвам ксяндза Францішка Бірутовіча будынак касцёла пашыраны, а па сутнасці быў узведзены новы храм. Ад старога касцёла будаўнікі пакінулі толькі паўночную і ўсходнюю сцены, якія сталі часткай новага храма. У 1930 годзе ў касцёл была праведзена электрычнасць. Храм працягваў дзейнічаць у час Другой сусветнай вайны. У чэрвені 1942 года на касцельным цвінтары за аказанне дапамогі габрэям з браслаўскага гета нацыстамі быў растраляны ксёндз Мечыслаў Акрэйц. У ліпені 1949 года браслаўскі ксёндз Антон Шубзда пад пагрозай арышту савецкімі органамі бяспекі перайшоў на нелегальнае становішча.

11 кастрычніка 1950 года ў адпаведнасці з антырэлігійнай палітыкай савецкай улады касцёл у Браславе быў закрыты, будынак быў прыстасаваны пад зернясховішча. У 1967 годзе крыху абноўлены будынак вярнулі вернікам. У 1981 — 1986 гадах быў праведзены рамонт інтэр’ера і заменены арган. 2 верасня 1991 года касцёл наведаў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтак. А 8 верасня 1997 быў урачыста адзначаны стогадовы юбілей касцёла Нараджэння Дзевы Марыі.

Касцёл з'яўляецца помнікам архітэктуры неараманскага стылю. Стылізаваны пад барока драўляны алтар дэкарыраваны пазалочанай арнаментальнай разьбой па дрэве ў выглядзе аканта. На хорах устаноўлены арган.

Дата публікацыі: 09.03.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць