Браслаўскае гарадзішча "Замкавая гара"


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Гарадзішча "Замкавая гара" вышынёй 14 метраў і плошчай 2 гектары з’яўляецца помнікам археалогіі IX–XV стагоддзяў. Знаходзіцца ў цэнтры горада на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навяты.

У 1955–1956 гадах археалагічнай экспедыцыяй Акадэміі навук СССР пад кіраўніцтвам Леаніда  Аляксеева былі праведзены раскопкі замкавага гарадзішча. Зняцце самага ніжняга культурнага пласта паказала, што паселішча на Замкавай гары ўзнікла ў ІХ–Х стагоддзях. Былі знойдзены наканечнікі дзід, чарапкі, посуд і прылады працы. Старажылы тутэйшых мясцін былі балтамі, а з ХІ стагоддзя ў паселішчы жыло ў асноўным ужо змяшанае балта-славянскае насельніцтва. З канца ХІV стагоддзя, калі Браслаўшчына ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, на гарадзішчы размяшчаліся замак і ўмацаваныя збудаванні.

Падчас войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Масквой замак пацярпеў і страціў былое значэнне. У ХVI стагоддзі асноўная частка насельніцтва Браслава пражывала ўжо па-за межамі гарадзішча, а да ХVІІІ стагоддзя большасць збудаванняў гарадзішча прыйшлі ў заняпад.

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя плошчу Замкавай гары выкарыстоўвалі пад гаспадарчыя патрэбы. У час знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, гарадзішча было выкуплена з прыватнага ўладання, умацавана і абсаджана дрэвамі. Падчас Другой сусветнай вайны ўзвышша з’яўлялася стратэгічным аб’ектам – да сёння захаваліся сляды-паглыбленні ад капаніраў. У пасляваенны час на Замкавай гары збудавалі парк атракцыёнаў.

На сённяшні дзень гарадзішча з’яўляецца другім па велічыні ў Беларусі пасля навагрудскага, а таксама самым наведвальным турысцкім месцам у горадзе.

На Замкавай гары ўсталяваныя інфармацыйныя стэнды, на якіх расказваецца пра гісторыю Браслава. Паблізу знаходзіцца валун з выяваю герба горада.

Найбольш высокі помнік на Замкавай гары – абеліск у гонар знакамітага лекара Станіслава Нарбута (сын гісторыка Тэадора Нарбута). Ён каля 40 гадоў працаваў на Браслаўшчыне і памёр у 1926 годзе. Пахавалі браслаўскага лекара не на могілках, а на Замкавай гары горада. На сродкі, сабраныя мясцовымі жыхарамі, паставілі высокі абеліск з ліхтаром. У 1990 годзе на ім быў адноўлены надпіс "Лекару ўдзячная Браслаўшчына".

Дата публікацыі: 09.03.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць