Будынак банка


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Будынак, у якім размешчаны банк, з'яўляецца архітэктурным помнікам горада і ахоўваецца дзяржавай. Ён быў пабудаваны ў 1927–1929 гадах. Будынак захаваўся практычна ў ідэальным стане і сёння з'яўляецца адным з аздабленняў цэнтральнай часткі горада.

Будынак банка быў пабудаваны ў 1927–1929 гадах у рамках нацыянальнай праграмы адкрыцця аддзяленняў Польскага банка. Баранавіцкі банк быў узведзены па праекце архітэктара Станіслава Філасевіча ў неакласічным стылі. Удзел у распрацоўцы інтэр'ера памяшкання прымаў архітэктар Тадэвуш Рытароўскі. Будаўнічыя працы праводзіла варшаўская фірма Станіслава Шчэпанскага, аддзелачныя працы рабіла фірма «Церазіт», а сховішча і жалезная аздоба былі зроблены варшаўскай фірмай «Густаў Готсхальк». 

Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, трэці паверх з'явіўся ў 40-х гадах ⅩⅩ стагоддзя. Кампазіцыя будынка (яго планіроўка і інтэр'ер) былі падпарадкаваны інтарэсам дзейнасці фінансавай установы. Службовая частка ўключала вестыбюль, залу для працы з кліентамі, кабінет дырэктара, залу для нарад, банкаўскае сховішча, архіў, сталовую для супрацоўнікаў. У жылой частцы будынка знаходзіліся дзве трохпакаёвыя кватэры. 

Сёння ў будынку былога Польскага банка знаходзяцца аддзяленне Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У цэнтральнай частцы будынка размешчаны вестыбюль і аперацыйныя залы, у бакавых крылах – службовыя памяшканні.

Дата публікацыі: 18.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць