Баранавічы. Баранавіцкі краязнаўчы музей


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Баранавіцкі краязнаўчы музей быў створаны ў 1929 годзе з ініцыятывы Леанарда Турскага. Сёння музей месціцца ў гістарычным будынку канца ⅩⅨ – пачатку ⅩⅩ стагоддзя. Экспазіцыя размешчана ў сямі залах, дзе наведвальнікі могуць пабачыць больш за 2 тысячы экспанатаў, якія знаёмяць з гістарычным мінулым і багаццем прыроды Баранавіцкай зямлі.

Баранавіцкі краязнаўчы музей быў заснаваны як павятовы. У пачатку 1929 года адміністрацыя Баранавіцкага павета прыняла рашэнне аб арганізацыі выставы, якая б адлюстроўвала жыццё павета, эканамічны і культурны стан горада і рэгіёна. Краязнавец Леанард Турскі прапанаваў стварыць у Баранавічах замест часовай выставы публічны музей з карціннай галерэяй. Музей складаўся з 3 асноўных аддзелаў: прыроды, этнаграфіі, гісторыі – і пададдзела кніг. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да ССР у 1939 годзе павятовы музей быў пераўтвораны ў Баранавіцкі абласны музей выяўленчага мастацтва.

У выніку акупацыі Беларусі нацыстамі музей страціў 1716 каштоўных экспанатаў. Сярод іх палотны Рэмбранта, Яна Матэйкі, Тэадора Жэрыко, калекцыя старажытных японскіх ваз, якія былі вывезены ў Германію. Музей фактычна перастаў існаваць. Толькі ў 1952 годзе Баранавіцкі музей аднавіў сваю дзейнасць. Асноўныя калекцыі былі перавезены ў Баранавічы са Слоніма. У 1954 годзе ў сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці музей атрымаў сучасную назву. 

Музейная экспазіцыя размешчана ў 7 залах агульнай плошчай 250 м² і мае 3 раздзелы. Раздзел «Прырода Баранавіцкага краю» знаёміць з раслінным і жывёльным светам Баранавіцкага раёна. У раздзеле «Гісторыя Баранавіцкага краю» прадстаўлены матэрыялы па старажытнай і сучаснай гісторыі Баранавіччыны. Экспазіцыйны раздзел «Баранавічы. Горад, у якім мы жывём» уключае матэрыялы пра Баранавічы ў перыяд з 1985 года да цяперашняга часу.

У фондах музея захоўваюцца 35 калекцый: паштовак з краявідамі Баранавіч (пачатку і першай трэці ⅩⅩ ст.), археалагічных знаходак, этнаграфіі, падпольных выданняў, жывапісу і графікі, плакатаў часоў Другой сусветнай вайны. У ліку найбольш цікавых экспанатаў прадстаўлены 2 арнаты, пашытыя са знакамітых слуцкіх паясоў, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1694 года выдання.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць