Музей гісторыі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Музей гісторыі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі быў адкрыты 14 снежня 1984 года. У залах музея прадстаўлены гістарычныя дакументы, фотаматэрыялы, макеты тэхнікі, карціны, чыгуначная форма і іншыя экспанаты, якія адлюстроўваюць працу і побыт чыгуначнікаў. Аддзел «Чыгуначная тэхніка» музея быў адкрыты 30 ліпеня 1999 года.

Баранавічы сваім развіццём абавязаны чыгунцы, пра што сведчыць выява паравоза на гербе горада. У лістападзе 1871 года па маршруце Смаленск – Брэст прайшоў першы таварна-пасажырскі цягнік. Тады ж з'явілася чыгуначная станцыя  з прадпрыемствамі, якія абслугоўвалі ўсю інфраструктуру чыгункі. З цягам часу станцыя ператварылася ў буйны прамысловы і чыгуначны цэнтр.

У ліпені 1999 года быў створаны першы і на той момант адзіны ў Беларусі музей чыгуначнай тэхнікі. Музей быў заснаваны з ініцыятывы былога начальніка Баранавіцкага аддзялення, а затым начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманько. Вялікую ролю ў ажыццяўленні гэтай ідэі адыграў Ілля Малюгін, які ўзначальваў Савет ветэранаў Баранавіцкага аддзялення чыгункі. Ён стаў першым навуковым супрацоўнікам музея і кіраўніком усіх работ па яго стварэнні.

Каля ўваходу ў музей знаходзіцца макет паравоза, што праехаў 28 лістапада 1871 года з першым цягніком праз Баранавічы ў Брэст. Музей валодае вялікай калекцыяй паравозаў і цеплавозаў. Прадстаўлены пасажырскія і грузавыя вагоны розных пакаленняў, вагонныя вазкі, макет паста дзяжурнага па пераездзе і памяшканне дзяжурнага станцыі, дзеючы семафор, пуцерамонтная тэхніка, комплекс прылад для забеспячэння паравозаў вадой (гідракалонка, паравы кацёл, паравая вадзяная помпа).

У 2002 годзе ў аддзеле адкрыта экспазіцыя тэхнікі чыгуначных войскаў. Гэта арыгінальныя ўзоры тэхнікі: пуцеўкладчык, выправачна-падбівачная машына, машыны для будавання мастоў, зенітна-кулямётныя ўстаноўкі, якія размяшчаліся некалі на спецыяльных чыгуначных платформах з браніраванымі адсекамі для размяшчэння кулямётных стужак.

Дата публікацыі: 18.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць