Пакроўскі сабор


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/9b7f0955-febc-4953-b803-f2bd1c110b0e.mp3

Пакроўскі сабор – праваслаўны храм у Віцебску, помнік манументальнай культавай архітэктуры XIX стагоддзя. Знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Леніна (былая Вялікая) і Шубіна.

Пакроўскі сабор у Віцебску пабудавалі на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1758 годзе. Ініцыятарам будаўніцтва выступіў каталіцкі ордэн трынітарыяў. Сабор быў узведзены ў 1806–1821 гадах у класічным стылі. Побач з касцёлам пабудавалі манаскі корпус. Пасля паўстання 1830–1831 гадоў касцёл зачынілі, а ў манаскім корпусе адкрылі прытулак для дзяцей-сірот. Потым некаторы час у ім знаходзілася жаночая турма.

Толькі ў 1858 годзе будынак былога касцёла перадалі праваслаўнаму ведамству. Сродкі на перабудову касцёла ў праваслаўны храм выдаткаваў віцебскі купец і прамысловец Рыгор Валковіч. Да 1865 года работы скончылі, пры гэтым ніякіх сур’ёзных архітэктурных зменаў не зрабілі. Храм асвяцілі ў гонар Пакрова Святой Багародзіцы. У 1913 годзе адзначалі юбілей дому Раманавых, і ў сувязі з гэтым распрацавалі праект па перабудове храма. У гэты раз пабудову дапоўніў барабан з купалам, што вянчае цэнтральную частку храма. Форму франтона таксама змянілі: трохкутную замянілі паўкруглай.

У 1930-я гады Пакроўскую царкву, як і большасць рэлігійных устаноў, закрылі савецкія улады. Царкву зноў адкрылі толькі ў 1941 годзе падчас нямецкай акупацыі. У жніўні 1941 года з гарадскога музея атэізму ў Пакроўскую царкву перанеслі мошчы Святой Ефрасінні Полацкай, якія знаходзіліся ў храме да кастрычніка 1943 года. Падчас вайны будынак царквы быў моцна пашкоджаны. Былі разбураны дах, купал, пашкоджаны вежы.

Пасля вайны будынак доўгі час стаяў паўразбураны. У 1980-х гадах яго хацелі цалкам зруйнаваць, але гэтыя планы не здзейсніліся. У 1986 годзе прынялі рашэнне аднавіць храм, і ў 1987 годзе пачалі рэстаўрацыю. 14 кастрычніка 1990 года ў храме адбылося першае набажэнства. Канчатковае аднаўленне будынка завяршылі ў 1992 годзе.

Пакроўскі сабор – помнік архітэктуры класіцызму. Яго трохнефавы белакаменны карабель з франтальнага боку фланкіраваны двюма аднаяруснымі чатырохграннымі вежамі-званіцамі з пазалочанымі гранёнымі макаўкамі ў завяршэнні паўсферычных купалаў, па цэнтры дэкараваны накладным чатырохкалонным порцікам з лучковым франтонам. Двухсхільны дах цэнтральнага высокага нефа пасярэдзіне завершаны цыліндрычным светлавым барабанам пад сферычным купалам з галоўкай на высокай шыі. Галоўны прамавугольны ўваходны партал вылучаны арачным франтонам з фрэскай «Маці Божая», над ёй знаходзіцца квадратнае пано-фрэска «Тройца», па баках увахода – арачныя нішы з абразамі «Прападобны Серафім Сароўскі» і «Прападобная Ефрасіння Полацкая». Бакавыя фасады рытмічна падзеленыя высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З класічнай архітэктуры выкарыстаны трохвугольныя франтоны па гранях вежаў, тонкапрафіляваны перыметральны карніз, іанічныя капітэлі на пілястрах званіц.

Дата публікацыі: 16.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць