Віцебск. Пешаходная вуліца


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Цэнтральная пешаходная вуліца Віцебска сёння носіць імя Суворава. Яе забудова складаецца пераважна з будынкаў XVIII−XIX стагоддзяў.

Сучасная пешаходная вуліца – адна з найстарэйшых вуліц Віцебска. Да ХІХ стагоддзя яна называлася Узгорскай, пазней Афіцэрскай, з 1900 года – Сувораўскай. Пасля ўсталявання савецкай улады была перайменавана ў Валадарскую.

У 2010 годзе вуліца стала пешаходнай. Яе працягласць – 1300 метраў. На вуліцы шмат гістарычных будынкаў. Сярод іх – гарадская ратуша XVIII стагоддзя (зараз – абласны краязнаўчы музей), былыя гандлёвыя шэрагі канца XVIII стагоддзя, былыя прыбытковыя дамы ХІХ стагоддзя, былыя гарадскія сядзібы XIX стагоддзя, камунальныя дамы ў стылі канструктывізму і іншыя славутасці.

Адзін з факультэтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта знаходзіцца ў будынку былога мужчынскага духоўнага вучылішча ХІХ стагоддзя (дом № 44). Дзіцячая мастацкая школа (дом № 3) знаходзіцца ў будынку ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У гэтым будынку ў 1923–1941 гадах працаваў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум, які выхаваў цэлую плеяду жывапісцаў і графікаў. У 2009 годзе на вуліцы была скончана рэканструкцыя Уваскрэсенскай царквы – унікальнага помніка эпохі барока.

Лаўкі па абодвух баках вуліцы, фантан у скверы каля ратушы, брукаванка, невялікія ўтульныя кавярні і рэстарацыі, цырульні і крамы настройваюць гараджан і гасцей да няспешных прагулак і адпачынку.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць