Віцебскі абласны краязнаўчы музей


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/50262231-8442-4fcc-98de-2c5a4c824873.mp3

Віцебскі абласны краязнаўчы музей размешчаны ў будынку былой гарадской ратушы па вул. Леніна, д. 36

Музей у Віцебску заснаваны 12 лістапада 1918 года загадам Віцебскага губернскага аддзела народнай асветы. Ён размяшчаўся ў будынку былой духоўнай семінарыі, быў адчынены для наведвальнікаў з мая 1919 года. 19 лістапада 1924 года Саўнаркам БССР прыняў пастанову аб стварэнні Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея. Музей размясціўся ў будынку былой гарадской ратушы. Першыя экспазіцыі для наведвальнікаў адчынілі 27 красавіка 1925 года.

Музей шматразова змяняў назвы: у 1918—1924 гадах ён зваўся Віцебскі губернскі музей; з 1924 па 1929 год — Віцебскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага музея; з 1929 па 1932 год — Віцебскі культурна-гістарычны музей; з 1932 па 1937 год — Віцебскі сацыяльна-гістарычны музей; з 1939 па 1941 год — Віцебскі абласны дзяржаўны гістарычны музей; з 1947 па 1951 год — Віцебскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. Сучасная назва "Віцебскі абласны краязнаўчы музей" усталявалася з 1951 года.

Падчас Другой сусветнай вайны частку калекцый Віцебскага абласнога музея пагрузілі ў вагон разам з фондамі Мастацкай галерэі Юдэля Пэна і эвакуявалі ў Саратаў.

На сёння ў фондах музея знаходзяцца матэрыялы археалагічных раскопак на Віцебшчыне (вырабы з крэменю, косці, рога, скураны абутак ХІІ—ХІІІ стагоддзяў, берасцяная грамата ХІІІ—XІV стагоддзяў, пісалы, упрыгожанні са шкла, сердаліку, бурштыну, кераміка ляпная і ганчарная). Таксама ёсць калекцыі натуральна-навуковыя, нумізматыкі, сфрагістыкі, парцэляну, зброі, старадрукаваныя кнігі XVII—XVIII стагоддзяў, прылады працы і прадметы побыту XVIII—XX стагоддзяў, асабістыя фонды гісторыкаў і краязнаўцаў Антона Брадоўскага, Аляксея Сапунова і Вацлава Федаровіча.

У музеі захоўваюцца матэрыялы аб дзейнасці палітычных партый на Віцебшчыне, падзей рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года. Адмысловае месца займаюць матэрыялы пра Вялікую Айчынную вайну. Гэта экспанаты пра дзейнасць Віцебскага падпольнага абкама Камуністычнай партыі Беларусі, Віцебскага, Аршанскага, Лепельскага падполля, Обальскай, Прошкаўскай, Асінторфскай падпольных арганізацый, пра вызваленне вобласці ад нямецкіх акупантаў у 1944 годзе. Партызанскі рух на Віцебшчыне прадстаўлены партызанскімі ўлёткамі, газетамі, зброяй, узнагародамі і асабістымі рэчамі Міная Шмырова, Уладзіміра Лабанка, Данілы Райцава, Аляксея Данукалава.

Дата публікацыі: 15.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць