Віцебск. Касцёл Святой Барбары


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Касцёл Святой Барбары – дзеючы рымска-каталіцкі касцёл у Віцебску, помнік архітэктуры XIX стагоддзя.

Першыя звесткі пра касцёл датуюцца другой паловай XVIII стагоддзя, калі маршалак Гарадоцкага павета Антоній Косаў у 1785 годзе фундаваў будаўніцтва драўлянага касцёла. У тым жа годзе храм быў асвячоны ў гонар Святой Барбары, апякункі добрай смерці. На пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя парафія Святой Барбары налічвала каля 2000 чалавек, але храм змяшчаў толькі 150 чалавек. Паўстала неабходнасць будавання касцёла большага памеру. У выніку на месцы старога храма быў узведзены новы, які быў асвячоны 4 снежня 1884 года пад тытулам Святой Барбары і Святога Ёзэфа. На тэрыторыі касцёла знаходзіліся дом ксяндза і невялікі шпіталік, якія былі драўлянымі.

У 1935 годзе ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады касцёл Святой Барбары быў зачынены. Помнік архітэктуры неараманскага стылю быў прыстасаваны пад склад угнаенняў. Падчас Другой сусветнай вайны былы храм моцна пацярпеў. У 1988 годзе, напрыканцы савецкага перыяду, у будынку пачаліся рэстаўрацыйныя работы, тут планавалася зрабіць залу арганнай музыкі.

У пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя дзякуючы дамініканіну Янушу Скэнчаку парафія Святой Барбары была адноўлена. Яна была афіцыйна зарэгістраваная ў 1992 годзе. У 1993 годзе арцыбіскуп Казімір Свёнтак асвяціў адноўлены касцёл.

Касцёл Святой Барбары з’яўляецца помнікам архітэктуры неараманскага стылю. Трохнефавая, двухвежавая базіліка з чырвонай цэглы. Галоўны фасад вылучаюць дзве двух’ярусныя вежы, першы ярус чатырохгранны, другі ярус — шасцігранны. Паміж вежамі размешчаны трохвугольны франтон на шырыню цэнтральнага нефа. У аздобе храма шырока выкарыстана дэкаратыўная цэгла: карнізныя паяскі, геаметрычны малюнак у завяршэнні ярусаў вежы і інш. Інтэр’ер трохнефавы, нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць