Віцебск. Царква Уваскрэсення Хрыстова


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Царква Уваскрэсення Хрыстова або Свята-Уваскрэсенская царква – гэта праваслаўны храм, разбураны ў 1936 годзе і адноўлены напачатку XXI стагоддзя. Царква знаходзіцца на заходнім баку Рынкавай плошчы. Помнік архітэктуры віленскага барока.

Паводле гістарычных крыніц, драўляная праваслаўная царква існавала на Рынкавай плошчы ўжо ў 1558 г. Яна двойчы гарэла ў 1708 і 1733 гадах. Складалася з трох квадратных у плане зрубаў: асноўнага, алтарнага і бабінца з вежай над ім, накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі.

У 1772 годзе на месцы драўлянай царквы, побач з гандлёвымі радамі на грошы віцебскага купца Мікалая Смыка была пабудавана ў стылі позняга «віленскага» барока мураваная ўніяцкая царква. Галоўным фасадам царква выходзіла на плошчу ў бок Віцьбы. У 1834 годзе ўніяцкі храм быў перададзены праваслаўнаму ведамству. У 1841 годзе полацкі епархіяльны архітэктар склаў праект яго перабудовы ў стылі посткласіцызму, які не быў рэалізаваны. Толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя быў узведзены несапраўдны псеўдарускі купал з цыбулепадобнай галоўкай. У 1913 г. царква была адрамантавана.

У савецкі перыяд будынак Свята-Уваскрэсенскай царквы праіснаваў да 1936 года, калі па загадзе савецкіх органаў быў узарваны. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь і ажыўлення сацыяльна-палітычнага і рэлігійнага жыцця, у 1992 годзе зямельны ўчастак, дзе стаяў храм і захаваліся яго падмуркі, было вырашана перадаць уніяцкай парафіі пад праектаванне аднаўлення Свята-Уваскрэсенскай царквы. Аднак у 1996 годзе гэта рашэнне было перагледжана і зямельны ўчастак перадалі Беларускаму экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы.

У 2001–2008 гадах вяліся аднаўленча-рэканструкцыйныя работы Свята-Уваскрэсенскай царквы. Храм аднавілі ў пачатковым барочным выглядзе. Аднанефавы храм у стылі віленскага барока з паўкруглай арыентаванай на поўнач апсідай з рызніцамі па баках, якія надавалі будынку прамавугольны план. Галоўны фасад упрыгожаны дзвюма трохпавярховымі вытанчанымі вежамі і мае складаную хвалістую паверхню. Храм даволі сціплы па памерах і складаецца з аднаго нефа. Гэта абумоўлівалася, відаць, шчыльнай забудаванасцю Рынкавай плошчы. З поўначы храм завяршаецца паўкруглай апсідай з высокім фігурным барочным франтонам і дзвюма нізкімі рызніцамі па баках. Сцены былі аздобленыя плоскімі пілястрамі і завершаныя прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаныя стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць