Віцебск. Свята-Духаўскі жаночы манастыр


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Свята-Духаўскі жаночы манастыр – праваслаўны манастыр горада Віцебска. Знаходзіцца на вуліцы Талстога. Заснаваны ў XIV стагоддзі. Пры манастыры дзейнічае хатняя царква Святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі.

Паводле некаторых звестак, манастыр быў заснаваны ў канцы 1380-х гадоў княгіняй Ульянай Аляксандраўнай, удавой Вялікага Князя Літоўскага Альгерда, які пабудаваў галоўны храм манастыра – царкву Святога Духа. Ёсць меркаванне, што Ульяна прыкладна ў 1393 годзе прыняла ў манастыры пострыг пад імем Марты і пасля смерці была пахавана ў манастыры.

У 1618 годзе паўстала пытанне аб ператварэнні манастыра ва ўніяцкі базыльянскі кляштар. Але канчаткова гэта было рэалізавана толькі пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667 гады).

Пасля Полацкага сабору 1839 года, які скасаваў Уніяцкую царкву, базыльянскі кляштар быў перададзены праваслаўным і зноў стаў Свята-Духаўскім манастыром. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя манастыр прыйшоў у заняпад. У 1855 годзе ў ім пражывала толькі шэсць манашак. Неўзабаве манастыр закрыўся – спачатку тут размясцілася жаночая турма, а затым – жаночая духоўная вучэльня. 

З усталяваннем савецкай улады ў 1918 годзе будынак былога манастыра заняў губвыканкам. У 1947 годзе Свята-Духаўскі храм быў разбураны камуністычнымі ўладамі.

У 2001 годзе Свята-Духаўскі жаночы манастыр аднавілі. У цяперашні час ён размяшчаецца ў будынку Духоўна-культурнага цэнтра, дзе знаходзіцца царква Святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі і манаскія келлі. Тэрыторыя манастыра паступова аднаўляецца.

Манастыр знаходзіцца ў мураваным будынку ХІХ стагоддзя. Мае развітую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, тры рознавялікія крылы. Будынак падзелены на шэраг секцый з самастойнымі ўваходамі, пераважна з двара. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць