Свята-Траецкі Маркаў манастыр – адзін з двух праваслаўных манастыроў Віцебска.
Паводле розных меркаванняў, Маркаў манастыр быў заснаваны ў XIV–XV стагоддзі побач з Траецкай царквой. У 1576 годзе манастыр быў скасаваны, а Траецкі храм ператвораны ў прыходскі. У 1633 годзе манастыр быў адноўлены князем Львом Агінскім.
Росквіт манастыра прыпадае на XVII стагоддзе. У той час на яго тэрыторыі знаходзіліся два драўляныя храмы: Траецкі сабор і Пакроўская царква, пабудаваныя ў 1650 годзе. У 1690 годзе Пакроўская царква згарэла, і толькі праз 70 гадоў на гэтым месцы быў пабудаваны новы мураваны храм. Храм захаваўся да сёння. У 1850-я гады паводле праекта інжынера Мікалая Высоцкага над ім была надбудавана званіца.
У 1920 годзе ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай савецкай улады манастыр быў закрыты. На яго тэрыторыі доўгі час размяшчалася міліцыя і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Усе будынкі, акрамя Свята-Казанскай (былой Пакроўскай) царквы, былі разбураныя (у тым ліку і Траецкі сабор – адзін з лепшых узораў драўлянага беларускага дойлідства).
Свята-Казанская царква – адзіная ў Віцебску, якая ў савецкі перыяд не была закрытая. У час Другой сусветнай вайны яна была пашкоджана, аднак часткова адноўлена ў пасляваенныя гады. Свята-Траецкі манастыр бы адноўлены 23 лістапада 2000 года.
Дата публікацыі: 11.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму