Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа – прафесійны беларускі тэатр, які адкрыўся 21 лістапада 1926 года. У той час ён называўся Другім беларускім дзяржаўным тэатрам.

 

Тэатр быў створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі славутыя літаратары і драматургі: Янка Купала, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны, Кузьма Чорны. Першы спектакль быў пастаўлены па п'есе Іллі Бэна “У мінулы час”. Неўзабаве таксама былі падрыхтаваныя спектаклі “Цар Максіміліян” Аляксея Рэмізава, “Сон у летнюю ноч” Уільяма Шэкспіра і іншыя.

У пачатку 1930-х гадоў адбываўся зварот тэатра да беларускай драматургіі. Былі пастаўлены спектаклі “Модны шляхцюк” па п'есе Каруся Каганца, “Ірынка” Кузьмы Чорнага і “Пагібель ваўка” Эдуарда Самуйлёнка. Плённым стала супрацоўніцтва тэатра з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Былі ажыццёўлены пастаноўкі “Вайны вайне” і “У пушчах Палесся” Якуба Коласа, “Паўлінкі” і “Прымакоў” Янкі Купалы.

Адначасова 1930-я гады сталі трагічнымі з прычыны палітычных рэпрэсій. Так, у гады сталінскага тэрору быў закатаваны дырэктар тэатра Мікалай Красінскі. Ад ідэалагічнага і маральнага ўціску, бесперапынных арыштаў  моцна пацярпела сама атмасфера тэатральнага жыцця.

Падчас нямецкай акупацыі, з 1941 года, тэатр працаваў ва Уральску, а потым у Арэхаве-Зуеве. У кастрычніку 1944 года тэатр вярнуўся ў Віцебск. 21 снежня 1944 года тэатру прысвоена імя Якуба Коласа. Адной з візітных картак тэатра стаў спектакль “Несцерка” паводле п'есы Віталя Вольскага.

У 1977 годзе тэатру было прысвоена званне акадэмічнага. А ў 1978 годзе на сцэне тэатра ўпершыню ў Беларусі рэжысёр Валерый Мазынскі ажыццявіў пастаноўку п'есы Уладзіміра Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”.

У 2001 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі, Віцебскі тэатр стаў нацыянальным. У гэты час вялікім поспехам карыстаюцца спектаклі “Шагал, Шагал…” і “Ружа ў чыстым полі”, прысвечаныя славутым віцебскім мастакам Марку Шагалу і Юдалю Пэну.

Сучасны будынак тэатра (архітэктары А. Максімаў і І. Рыскіна) пабудаваны ў 1958 годзе. Галоўным фасадам звернуты да плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Галоўны фасад – у выглядзе васьмікалоннага дарычнага порціка, завершанага трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады ўпрыгожаны рустам, пілястрамі. Задні фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка. Трох'ярусная глядзельная зала з партэрам і двума балконамі ўмяшчае 758 гледачоў.

Дата публікацыі: 11.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць