Лунінец. Мемарыяльная дошка Якубу Коласу


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

У горадзе Лунінцы ў 1911–1912 гадах жыў і працаваў Якуб Колас – знакаміты беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык. Адзін з класікаў і заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Пра гэта нагадвае турыстам і падарожнікам мемарыяльная дошка, усталяваная на будынку мясцовага краязнаўчага музея. 

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка. У 1902 годзе ён скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1902–1906 гадах працаваў настаўнікам на Палессі і на Міншчыне. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены з працы, а ў 1908 годзе асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. 

У 1911 годзе пісьменнік выйшаў з Мінскага астрога з так званым “воўчым білетам”, які забараняў працаваць у дзяржаўных школах. Былы аднакурснік па Нясвіжскай семінарыі Вінцук Філіповіч узяў Якуба Коласа да сябе ў Лунінец і саступіў частку сваіх прыватных урокаў. 

У гэтым палескім мястэчку Якуб Колас жыў з лістапада 1911 па люты 1912 года. У гэты час пісьменнік перажываў творчы ўздым. Ён шмат і плённа пісаў. На паперу клаліся вершы, апавяданні: “Эй, скажы мне, небарача”, “Нёманаў дар”,“Трывога” і “Недаступны”. Таксама пісьменнік працаваў над трэцім раздзелам паэмы “Новая зямля”. Аднак асноўным творчым клопатам Якуба Коласа ў Лунінцы была паэма “Сымон-музыка”. 

У гонар вялікага беларускага паэта і пісьменніка на будынку раённага краязнаўчага музея знаходзіцца мемарыяльная дошка, а ў самім музеі існуе адпаведны раздзел экспазіцыі, прысвечаны Якубу Коласу. 


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць