Касцёл Міхала Арханёла


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Адзін з нешматлікіх захаваных будынкаў кальвінскіх збораў у Беларусі.

Дакладных звестак аб тым, калі быў заснаваны храм, няма. Найверагодней, першапачаткова ён быў узведзены як драўляны кальвінскі збор па фундацыі тагачаснага ўладальніка Смаргоні Юрыя Зяновіча. А каменны будынак з’явіўся дзякуючы ягонаму сыну Крыштапу. Адбылося гэта на пачатку XVII стагоддзя. Тады будынак кальвінскага збору ўяўляў сабой васьмікутнік з прыгожым аркатурным фрызам у выглядзе шэрагу ніш. Таўшчыня сцен храма ля падмурка дасягала 3 метраў.

Аднак дачка памерлага на той момант Крыштапа Зяновіча Сафія ў 1621 годзе перадала храм каталікам. Ён быў асвячоны як Траецкі касцёл. Пазней да асноўнага будынка храма былі прыбудаваныя вежа-званіца і закрыстыя. У падземных памяшканнях знаходзілася крыпта для пахаванняў. 

У далейшым будынак чакаў не менш складаны лёс. Як касцёл ён існаваў да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У сувязі з антыкаталіцкай палітыкай расійскай улады касцёл быў ператвораны ў праваслаўную Мікалаеўскую царкву. Падчас Першай сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў. Каталіцкія набажэнствы сюды вярнуліся ў 1920-я гады, калі Смаргонь знаходзілася ў складзе Польшчы. Пасля Другой сусветнай вайны, у адпаведнасці з савецкай антырэлігійнай палітыкай, касцёл быў закрыты, а будынак выкарыстоўваўся як склад і крама. Толькі ў 1970-я гады мясцовыя органы ўлады дазволілі рэстаўрацыю храма і змясцілі ў ім мастацкую выставу. У 1990 годзе гэты будынак быў вернуты каталікам. Ён быў асвячоны як касцёл Арханёла Міхала і зараз дзейнічае.

Дата публікацыі: 20.01.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць