Гродна. Будынкі дамініканскага кляштара


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Кляштар дамініканцаў у Гродне месціўся на вуліцы Віленскай, а потым Дамініканскай. Да сённяшняга дня захаваліся толькі два кляштарныя будынкі па вуліцы Савецкай, 6 і 8, якія даюць рэальную магчымасць уявіць багатую культурную і грамадскую мінуўшчыну Гродна.

У сярэдзіне XVII стагоддзя на сродкі Фрыдэрыка і Крысціны Сапегаў на вуліцы Віленскай быў узведзены касцёл і кляштар ордэна дамініканцаў. У выніку, вуліца стала называцца Дамініканскай. На сёння захаваліся два будынкі былога кляштара.

Пры кляштары з XVII стагоддзя дзейнічала дамініканская школа-гімназія. Будынак гімназіі быў двухпавярховы, складаны ў плане, накрыты двухскатным дахам, сцены атынкаваныя. На сёння ён знаходзіцца па адрасе: вуліца Савецкая, 6.

Дамініканская гімназія была закрыта ў 1833 г. з-за ўдзелу вучняў у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1830–1831 гадоў супраць Расійскай імперыі. З 1834 года ў будынку дзейнічала Гродзенская губернская мужчынская гімназія. З 1926 года тут працавалі жаночая гімназія імя Эміліі Плятэр, мужчынская настаўніцкая семінарыя, кнігарня. З восені 1939 года і да пачатку нацысцкай акупацыі тут знаходзілася сярэдняя школа № 11. У пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя ў гэтым будынку знаходзіўся каўбасны цэх мясакамбіната. Потым будынак перарабілі пад жылы дом. На сёння тут знаходзяцца гандлёвыя прадпрыемствы.

На будынку ўсталявана мемарыяльная дошка Ёнасу Яблонскісу, педагогу і ўкладальніку першай літоўскай граматыкі, які ў 1912–1914 гадах выкладаў у мужчынскай гімназіі лацінскую і грэцкую мовы. Тут жа размешчана мемарыяльная дошка кампазітару і паэту, ганароваму грамадзяніну Гродна, заслужанаму дзеячу культуры БССР Аляксандру Шыдлоўскаму, які жыў і працаваў у гэтым доме ў 1960–1995 гадах.

Другі будынак – былы кляштарны корпус (вуліца Савецкая, 8). У 1789 годзе будынак быў рэканструяваны і атрымаў назву “новая дамініканская школа”. Гэта быў двухпавярховы накрыты двухсхільным дахам будынак. Сцены атынкаваныя, завершаныя карнізам. Галоўны фасад вырашаны ў стылі барока.

На працягу ХІХ стагоддзя ён выконваў функцыі школьнага будынка. Пасля ліквідацыі кляштара ў ім размяшчаліся жаночы пансіён і Марыінская жаночая гімназія. З канца ХІХ стагоддзя ў будынку знаходзілася гарадская ўправа, гарадское паліцэйскае ўпраўленне, арыштанцкая, сіроцкі суд. Падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну тут была казарма. З 1919 па 1941 гады – гарадскі магістрат, а ў 1939–1941 гадах – Гродзенскі гарвыканкам. З 1945 года ў будынку размяшчаліся рэдакцыі трох газет, а з 1947 года – газетны цэх абласной друкарні. З 1949 года – Дом народнай творчасці і абласны тэатр лялек. У 1970 годзе ў будынку знаходзіўся гарадскі ваенны камісарыят.

Цяпер у будынку размяшчаецца Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.

Знешні выгляд будынка мала змяніўся: знік наддашак над уваходам, засталася толькі цэнтральная частка ад балкона на мансардным паверсе, быў знішчаны металічны шпіль над фасадам. Найбольшая страта – знішчэнне барочнай брамы, якая была ўваходам на тэрыторыю кляштара.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць