Палац Сапегаў


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/688ba1ff-4f9d-46e7-a6d6-dad91c84aafe.mp3

Палац Сапегаў быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя і стаў архітэктурнай славутасцю Гродна.

Магчымым аўтарам праекта палаца Сапегаў лічыцца Джавані Батыста Джысленіі. Палац уяўляў сабой трохпавярховы мураваны атынкаваны будынак. Галоўным доўгім фасадам гмах выходзіў на Рынак. Самым стойкім дэкаратыўным элементам будынка з’яўляецца аздоба вокнаў: дзве паўкалоны, якія падтрымліваюць шырокую панэль перакрыцця, што характэрна для архітэктуры рэнесансу.

У 1717–1718 гадах камяніцу пepaбудаваў нямецкі архітэктар Яхім Даніэль Яўх пад каралеўскую рэзідэнцыю. Перабудаваны двухпавярховы будынак меў вестыбюль з двума апорнымі слупамі, над ім размяшчалася вялікая зала, да якой вяла манументальная лесвіца з двух крылаў. Палац быў злучаны двума драўлянымі двухпавярховымі пераходамі з іншым палацам Сапегаў на вуліцы Брыгіцкай, дзе адбываліся пасяджэнні сойма. У 1765 годзе палац прадалі вялікаму літоўскаму падскарбію Міхалу Бжастоўскаму.

У 1834 або ў 1836 годзе палац канфіскавалі расійскія ўлады і перадалі адразу адзінаццаці ўладальнікам. У 1885 годзе будынак вельмі моцна пацярпеў падчас пажару. Частка палаца, што выходзіла на вуліцу Мяшчанскую, абрынулася.

У хуткім часе былы палац перайшоў ва ўласнасць купца Мендэля Лапіна, які спачатку зрабіў тут гатэль “Цэнтральны”, а потым перадаў будынак прыватнай жаночай гімназіі Баркоўскай. З 1924 года ў будынку знаходзіліся: крама па продажы кухоннага посуду, пераплётная майстэрня, цукерня, ювелірная майстэрня, склад электрычных вырабаў. У 1937 годзе ў былым палацы размяшчаўся Купецкі банк.

У час Другой сусветнай вайны паўднёвая частка палаца пацярпела і пасля вайны была разабрана. У пасляваенны час будынак займалі розныя прафесійныя навучальныя ўстановы. Сёння былы палац займае кафедра анатоміі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.

Дата публікацыі: 20.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць