Гродна. Аптэка-музей


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

На цэнтральнай плошчы Гродна, побач з кафедральным касцёлам знаходзіцца адзіная ў Беларусі аптэка-музей.

З 1662 года манаполію на навучанне фармацэўтычнаму мастацтву меў ордэн езуітаў. Аптэкі існавалі амаль пры ўсіх езуіцкіх калегіумах Вялікага Княства Літоўскага: у Нясвіжы, Вільні, Брэсце, Пінску, Полацку, Навагрудку, а таксама ў Гродне. Аптэка Гродзенскага езуіцкага калегіума, заснаваная ў 1687 годзе, напачатку бясплатна выдавала лекі манахам і вучням езуіцкай школы. Але з 1709 года, калі для яе быў узведзены новы будынак з асобным уваходам з боку Рынкавай плошчы, аптэка стала працаваць для ўсяго горада.

Прамавугольны двухпавярховы будынак аптэкі быў пабудаваны ў стылі барока і падзелены на дзве часткі: асноўную, з памяшканнямі на двух паверхах, і дапаможную, звязаную з калегіумам. Ад касцёла аптэку аддзяляў ўнутраны дворык.

У 1773 годзе дзейнасць езуіцкага калегіума, як і самога ордэна, была забаронена. Аптэка была перададзена медычнай акадэміі, адкрытай у Гродне ў 1775 годзе. У XIX стагоддзі Казімір Стафаноўскі адкрыў на базе аптэкі філіял Чырвонага Крыжа.

У другой палове ХІХ стагоддзя, а таксама ў пачатку ХХ ст. аптэка перабудоўвалася. З 1950 года будынак аптэкі выкарыстоўваўся як склад, салон мэблі, Дом настаўніка.

Аптэка аднавіла тут дзейнасць толькі ў незалежнай Беларусі ў 1996 годзе. У старадаўніх залах са скляпеністымі столямі, упрыгожаных мастацкай коўкай, размясціліся гандлёвыя аддзелы, музейная экспазіцыя і дапаможныя памяшканні.

Пасля рэканструкцыі музейная экспазіцыя ўяўляе сабой залу плошчай 50 квадратных метраў, падзеленую на тры зоны. У першай узноўлены куток старадаўняй травяной лабараторыі, у другой — фрагмент рэцэптурнай залы на мяжы XIX–XX стагоддзяў. У трэцяй зоне знайшла сваё адлюстраванне багатая гісторыя аптэкі, якая апавядае аб асноўных этапах яе дзейнасці.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць