«Швейцарская даліна»


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/bf8a5d24-3548-4b07-a984-f53b53479df3.mp3

«Швейцарская даліна» ў Гродне – маляўнічы паркавы комплекс у цэнтральнай частцы горада.

Гісторыя яе стварэння звязана з імем падскарбія Вялікага Княства Літоўскага і адначасова старасты каралеўскай эканоміі ў Гродне Антонія Тызенгаўза. Па ягоным рашэнні ў 1765 годзе пачалася забудова ваколіцы Гродна – Гарадніцы. Пабудаваны тут палац быў акружаны прыгожым садам з унікальнай калекцыяй раслін і сістэмай сажалак. Побач быў пабудаваны тэатр і заснавана кадэцкая вучэльня.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе палац ператварыўся ў рэзідэнцыю гродзенскага губернатара. У той жа час праз раку Гараднічанку, якая перасякала парк, былі перакінутыя мосцікі, берагі рэчкі аздобілі прыгожымі лаўкамі. Такім чынам у Гродне з'явіўся гарадскі парк. Напалеон Орда ў 1867 годзе зрабіў замалёўку гарадскога парка з рачной далінай, якую назваў «Швейцарскай». Гэта назва трывала ўвайшла ў гісторыю.

Падчас Першай сусветнай вайны быў разбураны губернатарскі палац, а падчас Другой сусветнай вайны ў поўнае запусценне прыйшла «Швейцарская даліна». У часы незалежнасці, на пачатку ХХІ стагоддзя з ініцыятывы гродзенскіх гарадскіх улад быў распрацаваны праект рэканструкцыі і добраўпарадкавання парку і «Швейцарскай даліны». Ён быў рэалізаваны ў снежні 2005 года. У ходзе рэканструкцыі берагі Гараднічанкі былі умацаваныя, месцамі ўзятыя пад бетоннае пакрыццё. Рэчышча ракі ачышчана. Каб арганізаваць прастору і падкрэсліць унікальны ландшафт даліны, прыбралі асобныя дрэвы.

«Швейцарская даліна» ў межах гарадскога парка мае невысокую ажурную агароджу. Зроблены бетонныя сходы да ракі. Перакінуты праз Гараднічанку мост вядзе ў верхнюю частку «даліны». Невялікі грот ля старога моста і ніша на паўкруглай сцяне агляднай пляцоўкі дапаўняюць навакольную прыгажосць.

Дата публікацыі: 20.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць