Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1870 годзе ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы і добра захаваўся. Па сваёй архітэктуры ён больш падобны да капліцы – досыць кампактны і не вельмі высокі.

Скідзель вядомы з пачатку XVI стагоддзя як вялікакняжацкі (пазней каралеўскі) двор з воласцю ў Гродзенскім павеце ВКЛ. З 1796 года да 1939 года Скідзельская сядзіба належала знакамітаму роду князёў Чацвярцінскіх. На тэрыторыі свайго сядзібнага комплексу, які знаходзіўся на паўночна-ўсходняй ускраіне мястэчка, у 1870 годзе Чацвярцінскія пабудавалі з чырвонай вонкавай цэглы невялікі каталіцкі храм у неагатычным стылі. Паколькі будаўніцтва касцёлаў у той час было забаронена расійскімі ўладамі, ён быў асвячоны як капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У савецкі час касцёл быў закрыты, потым, як і шмат іншых беларускіх храмаў, прайшоў шлях ад сховішча да руіны. У 1991 годзе храм вярнулі парафіянам, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка пад хорамі. У 1993 годзе ў адбудаваным касцёле ўрачыста прайшла першая імша.

Дата публікацыі: 20.07.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць