Мінск. Помнік Янку Купалу


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Помнік вялікаму паэту Янку Купалу быў пастаўлены ў скверы, які носіць яго імя, у 1972 годзе. Узвядзенне манумента ў Мінску было прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння песняра.

Янка Купала (сапраўднае імя – Іван Луцэвіч) нарадзіўся ў 1882 годзе ў беларускай шляхецкай сям’і. Яго продкі змагаліся за вызваленне Беларусі з-пад улады Расійскай імперыі. Псеўданім “Янка Купала” з царкоўнаславянскай мовы перакладаецца як “Ян Хрысціцель”. Менавіта гэты біблейскі прарок стаў узорам для Янкі Купалы, які бачыў сваю місію ў тым, каб абвяшчаць нацыянальнае і духоўнае адраджэнне Беларусі. Яго творы прасякнуты верай у абуджэнне Беларусі, яе незалежную будучыню. Беларускі пясняр трагічна загінуў у Маскве ў 1942 годзе.

Помнік Янку Купалу размешчаны на галоўнай алеі сквера Янкі Купалы. Складаецца з манументальнай кампазіцыі – скульптуры Янкі Купалы і фантана “Вянок”, размешчанага непадалёк. Над праектам кампазіцыі працавалі скульптары Анатоль Анікейчык, Андрэй Заспіцкі, Леў Гумілеўскі, а таксама  архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін.

На гарызантальным пастаменце (гранітнай глыбе) устаноўлена бронзавая фігура паэта. Вышыня скульптуры складае 7 метраў. Пясняр у накінутым на плечы паліто абапіраецца на посах. Ва ўсёй яго постаці, у выразе твару падкрэслены рамантычная ўзнёсласць, скіраванасць у будучыню, высакароднасць і чалавечая абаяльнасць. Каля ног паэта прабіваецца крыніца, а побач з ёй раскінула цяжкае бронзавае лісце казачная папараць-кветка – сімвал вечнасці, нязгаснай творчасці і чысціні.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць