Помнік Францыску Скарыне


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/681c6527-7c8d-4bdd-87b6-f6dccef35c2b.mp3

Помнік Францыску Скарыне размешчаны каля галоўнага ўвахода ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Францыск Скарына – самы знакаміты беларус, які ў 1517 годзе выдаў першы нацыянальны пераклад Бібліі. Ён нарадзіўся ў Полацку каля 1490 года, вучыўся ў Кракаве і Падуі, пераклаў і надрукаваў кнігі Старога Запавету ў Празе, Новага Запавету – у Вільні. Дзякуючы Скарыне ў старажытнай беларускай дзяржаве пачалася эпоха Рэфармацыі, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Залаты век Беларусі”. Знакаміты першадрукар пайшоў з жыцця ў 1551 годзе.

Помнік Францыску Скарыне каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі быў усталяваны ў жніўні 2005 года, але ўрачыстае адкрыццё адбылося ў траўні 2006 года. Гэта было звязана з вырабам і ўсталяваннем трох рэльефаў па трох баках трохметровага гранітнага пастамента. На іх адлюстраваныя краявіды Полацка, Прагі і Падуі. З гэтымі гарадамі звязаны найбольш значныя падзеі ў жыцці беларускага рэфарматара, першадрукара, асветніка. На чацвёртым баку – пліта з надпісам “Францыск Скарына”.

Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар Алесь Дранец, архітэктары Аляксандр Камлюк і Яраслаў Ліневіч. Аўтары імкнуліся ўзмацніць экспрэсіўнасць вобразу, звярнуліся да абагульнення форм, іх лаканічнасці. Скарына дабраслаўляе беларускую зямлю, трымаючы ў руках толькі што выдадзеную Біблію на беларускай мове.

Дата публікацыі: 17.07.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць