Палац Друцкіх-Любецкіх


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Палац Друцкіх-Любецкіх, размешчаны на беразе возера, з’яўляецца не толькі помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя, але і адной з “візітных картак” Шчучына.

Палац Друцкіх-Любецкіх – гэта архітэктурная славутасць ХІХ стагоддзя, якую можна аднесці адразу да двух стыляў – барока і класіцызму. У XVIII стагоддзі маёнтак быў уласнасцю шляхецкага роду Сцыпіён дэль Кампа. У 1807 годзе пасля шлюбу Марыі Сцыпіён дэль Кампа і князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага маёнтак перайшоў ва ўладанне да князя.

Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі займаў розныя дзяржаўныя пасады. Некаторы час ён быў прадстаўніком Расійскай імперыі ў Францыі. Князь настолькі палюбіў гэтую краіну, што захацеў узвесці на радзіме маёнтак, які б нагадваў французскія рэзідэнцыі.

Пасля адстаўкі князь Францішак Ксаверый пераехаў у шчучынскі маёнтак і заняўся ягоным пераўтварэннем. На заказ князя маёнтак быў рэканструяваны архітэктарам Раствароўскім. Прататыпам паслужыў версальскі Малы Трыанон. Вакол абноўленага палаца быў разбіты шыкоўны парк.

Княскі род Друцкіх-Любецкіх валодаў гэтым велічным палацам да 1939 года. У часы нацысцкай акупацыі ў палацы быў размешчаны нямецкі лазарэт, гэта дазволіла будынку захавацца.

У пасляваенныя гады ў палацы Друцкіх-Любецкіх быў савецкі афіцэрскі дом.

У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя было пастаўлена пытанне аб рэканструкцыі помніка архітэктуры. Пачынаючы з 2004 года ў будынку палаца ішлі працы па рэканструкцыі. Былі адноўлены фасады і дах, прыведзены ў належны стан драўляныя элементы: дзверы, столь, абшыўка сцен. Ішлі працы па ўладкаванні мясцовага возера, якое захавалася са старадаўніх часоў. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у 2013 годзе будынак быў перададзены гарадскім уладам. У цяперашні час у будынку палаца знаходзіцца “Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі”. У 2017 годзе адкрыў дзверы для наведвальнікаў музейны пакой палаца Друцкіх-Любецкіх.

Дата публікацыі: 09.07.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць