Лідскі замак


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/93acf772-6497-4f94-8215-a377f5ba83ba.mp3

Лідскі замак быў узведзены ў 1323 годзе на зліцці рэк Лідзеі і Каменкі Вялікім князем Літоўскім – Гедымінам. Уваходзіў у лінію процікрыжацкай абароны Навагрудак — Крэва — Меднікі — Трокі.

У XIV стагоддзі сцены Лідскага замка не раз вытрымлівалі націск крыжакоў. Упершыню пад замкавымі сценамі нямецкія рыцары з'явіліся ў 1392 годзе.

Войны сярэдзіны XVII — пачатку XVIII стагоддзя не абмінулі Ліду. Улетку 1659 года замак быў абкладзены 30-тысячным маскоўскім войскам. У пачатку XVIII стагоддзя, падчас Паўночнай вайны, замак моцна пашкодзілі шведскія войскі. Былі ўзарваныя абедзве вежы, крэпасць канчаткова страціла сваё абарончае значэнне. Паступова сцены Лідскага замка пачалі разбурацца. Летам 1794 года на руінах Лідскага замка адбыўся бой паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі з расійскімі войскамі.

У 1891 годзе ў Лідзе здарыўся вялікі пажар. Пасля яго рэшткі замкавых сцен спрабавалі нават разабраць на цэглу. У пачатку ХХ стагоддзя сцены спрабавалі закансерваваць. Была створана будаўнічая камісія па рамонце Лідскага замка. З 1909 па 1911 год былі прыведзены ў належны стан усходння, заходняя і паўночная сцены. Паўднёвая сцяна не патрабавала значнага рамонту.

У міжваенны час польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам маладога архітэктара Тэадора Буршэ ў Лідскім замку былі праведзены нязначныя рэстаўрацыйныя работы. Былі злучаныя каменнай агароджай заходняя і паўднёвая сцены, часткова аднавілі разбураны паўднёва-ўсходні вугал і замуравалі бакавыя ўваходы. На месцы парушанага паўночна-заходняга вугла з'явіліся драўляныя вароты. Улетку ў замку часам спыняўся вандроўны цырк альбо звярынец, а зімой пасярэдзіне двара ставілі елку і залівалі каток.

Падчас нацысцкай акупацыі, з ліпеня 1941 года, на тэрыторыі замка знаходзіўся лагер савецкіх ваеннапалонных.

Рэстаўрацыйныя працы ў Лідскім замку пачаліся ў 1978 годзе і павінны былі закончыцца ў 1985 годзе. Аднак не былі завершаны і спыніліся з-за недахопу фінансавання ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

У 2001 годзе на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб распрацоўцы праекта правядзення першачарговых супрацьаварыйных работ у замку. Апошнія 20 гадоў у Лідскім замку вядуцца актыўныя рэстаўрацыйныя працы і шматлікія даследаванні археолагаў. Тут сталі праводзіць фестывалі і рыцарскія турніры, а таксама цікавыя касцюміраваныя пастаноўкі. Замак запрашае наведнікаў, увазе якіх прадстаўляецца аглядная экскурсія "Замак Гедыміна — помнік архітэктуры XIV стагоддзя". Дзейнічае фотавыстаўка "Археалагічныя знаходкі Лідскага замка", на базе якой праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі "Школа археалогіі".

Дата публікацыі: 30.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць