Мінская ратуша


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/405b8d77-a772-43b5-a75d-574e20d8d932.mp3

Мінская ратуша – галоўнае ўпрыгожанне Плошчы Свабоды і сімвал гістарычнай памяці мінчан. На вежы з флюгерам вышынёй 32 метры ўстаноўлены гадзіннік і герб горада. Кожную гадзіну куранты адбіваюць фрагмент мелодыі з “Песні пра Мінск” кампазітара Ігара Лучанка.

 

Мінская ратуша – гэта адміністратыўны будынак, які месціўся на Высокім Рынку. Яна была пабудавана ў 1600 годзе. У ратушы праходзілі пасяджэнні Мінскага магістрата, там захоўваліся эталоны вагі і аб'ёму.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі магдэбурскае права для Мінска было скасавана. У той час будынак ратушы выкарыстоўваўся для судовых пасяджэнняў і размяшчэння архіва. У 1830-х гадах там была музычная школа. З 1844 па 1851 год у ратушы знаходзіўся тэатр, аднак у 1857 годзе будынак быў разбураны.

Будынак мінскай ратушы быў адноўлены ў незалежнай Беларусі. У 2002–2004 гадах на тым самым месцы і ў тым жа выглядзе ратуша была адбудавана. З 2012 года гэты сімвал свабоды Мінска стаў даступны для наведвання беларусам і гасцям нашай краіны.

У ратушы працуюць два доўгатэрміновыя выставачныя праекты. У экспазіцыі «Мінск у гістарычнай прасторы. Картаграфічны кабінет» прадстаўлены арыгінальныя карты, копіі і рэпрадукцыі рэдкіх асобнікаў, на якіх пазначаны заселеныя славянамі землі, горад Мінск і яго ваколіцы, адлюстравана месца Мінска як адміністратыўна-тэрытарыяльнага цэнтра Мінскага павета, ваяводства, а пазней губерні.

У экспазіцыі «Мінск сярод сяброў. Гарады-пабрацімы сталіцы Беларусі» прадстаўлены падарункі гораду Мінску ад гарадоў-пабрацімаў і гарадоў-партнёраў.

 

Дата публікацыі: 07.02.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць