Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы быў заснаваны ў кастрычніку 1944 года. Сёння гэты тэатр вядомы не толькі сваімі пастаноўкамі, але і тым, што на яго базе з 1996 года праходзіць міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”.
У жніўні 1940 года ў Маскве з выпускнікоў Дзяржаўнага інстытута тэатральнага майстэрства быў створаны творчы калектыў Брэсцкага абласнога рускага драматычнага тэатра. Першы тэатральны сезон у Брэсце адкрыўся спектаклем Канстанціна Трэнёва «Любоў Яравая».
У час нацысцкай акупацыі (1941–1944 гады) тэатр працягваў функцыянаваць. Аднак пры адступленні немцы забралі трупу тэатра ў Германію, а будынак тэатра быў разбураны ў ходзе савецкіх бамбардзіровак.
Таму афіцыйнай датай ўзнікнення драматычнага тэатра ў Брэсце лічыцца 1 кастрычніка 1944 года. Трупа была сфарміравана з выпускнікоў Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылішча. Аднак мастацкім кіраўніком быў прызначаны беларускі рэжысёр Мікалай Антонавіч Міцкевіч. 10 кастрычніка 1944 года быў пастаўлены першы спектакль.
У 1946 годзе галоўным рэжысёрам тэатра стаў Юрый Рэшымаў. З 1949 па 1953 гады тэатр узначальваў Аляксандр Міронскі. Сапраўдным поспехам і візітоўкай тэатра стаў спектакль паводле п’есы Канстанціна Губарэвіча «Брэсцкая крэпасць». Яго прэм’ера адбылася 19 сакавіка 1953 года.
З 1955 года тэатр пачаў называцца «Абласны тэатр драмы і музыкі». А ў яго складзе з’явіўся сімфанічны аркестр. З 2005 года калектыву тэатра прысуджана званне заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь.
З 1996 года на базе Брэсцкага тэатра драмы і музыкі пачаў праходзіць Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Белая Вежа”. Штогадова ў праграме фестываля бяруць удзел тэатры больш чым з 20 краінаў. Конкурсная праграма складаецца з пастановак сусветнай і нацыянальнай драматургіі, эксперыментальнай драмы, вулічных імпрэзаў, пластычнага тэатра, сучаснай харэаграфіі, а таксама з лялечных спектакляў.
Дата публікацыі: 11.07.2019.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму