Петрапаўлаўскі сабор


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/8cb1fe67-9e25-4fac-8293-25dc5c35a2ba.mp3

Петрапаўлаўскі сабор – праваслаўны храм, уваходзіць у Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, размешчаны на высокім мысе над Сожам. З’яўляецца адным з найлепшых прыкладаў сталага класіцызму ў архітэктуры Беларусі.

Сабор закладзены протаярэем Іванам Грыгаровічам 18 кастрычніка 1809 года ва ўладанні Мікалая Румянцава. Яго будавалі з 1809 па 1819 год. Канчаткова будаўніцтва завершылі ў 1824 годзе. З 1872 года храм атрымаў статус гарадскога, а з 1907 года — кафедральнага сабора.

У савецкі час храмы закрывалі, разбуралі, выкарыстоўвалі іх для нецаркоўных мэтаў. У 1929 годзе Петрапаўлаўскі сабор закрылі, а з 1932 года ў ім размясцілі экспанаты мясцовага краязнаўчага музея. З храма сарвалі крыжы, скінулі званы, разбурылі званіцу. Знішчылі насценныя фрэскі і роспісы. Багатае царкоўнае начынне разрабавалі. У 1935 годзе ў будынку размясцілі аддзел гістарычнага музея, а ў 1939 годзе — антырэлігійны аддзел, які знаходзіўся ў ім да 1941 года.

У час нямецкай акупацыі стараннямі вернікаў і архімандрыта Серафіма сабор быў адкрыты, у ім праходзілі набажэнствы. Сабор дзейнічаў да 1960 года. У 1962 годзе будынак Петрапаўлаўскага сабора прыстасавалі пад планетарый, які закрылі ў 1985 годзе.

У 1989 годзе пасля рэстаўрацыйных работ храм перадалі вернікам. 7 студзеня 1990 года на свята Божага Нараджэння адбылася першая літургія. У 1991—1992 гадах праводзілі рэканструкцыю і рэстаўрацыю сабора, пабудавалі новую званіцу, але яе выгляд адрозніваецца ад гістарычнага.

Будынак выходзіць на цэнтральную плошчу горада і з'яўляецца яе важнай дамінантай. У плане сабор мае форму выцягнутага крыжа з развітым выцягнутым трансэптам і скарочаным сярэднім нефам.

Дата публікацыі: 12.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць