Брэсцкі абласны краязнаўчы музей – адзін з самых буйных музеяў Беларусі. Яго калецыя і экспанаты чатырох філіялаў падрабязна адлюстроўваюць гісторыю Берасцейшчыны ад старажытнасці да сучаснасці.
Рашэнне аб стварэнні Брэсцкага краязнаўчага музея было прынята ў 1940 годзе. Ён адкрыўся вясной 1941 года, але ў час гітлераўскай акупацыі ўсе яго экспанаты былі знішчаны. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны было вырашана аднавіць музей і ў 1945 годзе на гэта былі выдзелены неабходныя сродкі. У 1948 годзе ў музея ўжо з’явіўся ўласны будынак – пад яго патрэбы быў пераабсталяваны былы будынак Крыжаўзвіжанскага касцёла. У 1950 годзе ў музеі з’явіўся свой штат супрацоўнікаў. На працягу наступных некалькіх гадоў быў праведзены рамонт і закуплена неабходнае абсталяванне.
22 чэрвеня 1957 года пачалі дзейнічаць усе залы з экспазіцыямі. Колькасць экспанатаў складала 17 411 адзінак. Для Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея важным стаў 1960 год, калі ў Камянецкай вежы быў адкрыты яго першы філіял. З 1963 па 1964 гады асноўны будынак музея быў закрыты на капітальны рамонт, у гэты час была падрыхтавана новая пастаянная экспазіцыя. Яна была адкрыта ў 1965 годзе.
Музейныя работнікі бралі актыўны ўдзел у археалагічных раскопках. Сабраныя імі знаходкі сталі асновай для адкрыцця яшчэ аднаго музейнага філіяла, які быў названы археалагічным музеем “Бярэсце”. Ён размяшчаецца на Шпітальным востраве на месцы старажытных фартыфікацый. Наведнікам прадстаўлена тысяча экспанатаў, якія адносяцца да старажытнай гісторыі рэгіёна.
У 1989 годзе быў створаны яшчэ адзін унікальны філіял Брэскага абласнога краязнаўчага музея. Ён атрымаў назву “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” і складаецца з канфіскаваных твораў мастацтва, якія нелегальным чынам спрабавалі вывезці з Беларусі.
Чацвёрты філіал Брэскага абласнога краязнаўчага музея быў адкрыты ў 2002 годзе, і яго экспазіцыя таксама размяшчалася ў гістарычна значным будынку – Паўднёвай казарме, былой частцы Брэсцкай крэпасці.
У 1990 годзе Брэсцкі абласны краязнаўчы музей пераехаў у іншы гістарычны будынак, узведзены ў пачатку ХХ стагоддзя, дзе ён і знаходзіцца па гэты дзень. У ягоных сценах размяшчаецца гістарычная экспазіцыя, якая ілюструе гісторыю Берасцейшчыны ад старажытнасці да нашых дзён.
Дата публікацыі: 10.07.2019.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму