Гродна. Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/9073391d-7d18-4eeb-86cf-6fa91cb09296.mp3

Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя (неафіцыйна завецца таксама “фарны касцёл”) — кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва эпохі барока і ракако.

 

Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 года, а мураванага касцёла — у 1678 годзе. Кіраваў будаўніцтвам і часткова яго фінансаваў на працягу дзесяці гадоў ксёндз Геранім Дзевалтоўскі. 21 чэрвеня 1678 года біскуп Мікалай Слупскі асвяціў першы камень новага мураванага касцёла ў імя святога Францішка Ксаверыя. У 1683 годзе былі скончаны работы на ўнутраных фундаментах і перакрыцці скляпенняў. Да вясны 1700 года будынак быў гатовы настолькі, што ў ім адбылася першая імша. У 1702 годзе былі збудаваны купалы на вежах, атынкаваныя сцены ўнутры касцёла, пастаўлены лаўкі.

6 снежня 1705 года хэлмінскі біскуп Тэадор Патоцкі асвяціў касцёл у прысутнасці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Ⅱ і расійскага цара Пятра Ⅰ. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла быў уладкаваны маятнікавы гадзіннік, які выконваў ролю гарадскога гадзінніка. Вежавы гадзіннік фарнага касцёла — адзін з самых старажытных гадзіннікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы Усходняй Еўропы.

Кляштар быў скасаваны ў 1773 годзе пасля забароны ордэна езуітаў. У 1788 годзе касцёл стаў парафіяльным (фарным).

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку. У першым ярусе вежаў, у арачных нішах устаноўлены скульптурныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, святога Ксаверыя. 

Рамонт касцёла (перакрыццё даху, пабелка) праводзіліся ў канцы ⅩⅧ, сярэдзіне і канцы ⅩⅨ, пачатку ⅩⅩ стагоддзяў. 

У БССР у 1960-я — 1980-я гады ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады службы ў касцёле былі забаронены, але вернікам дазволілі даглядаць храм. Набажэнствы ў касцёле былі адноўлены ў 1988 годзе. У 1991 годзе, калі была створана Гродзенская дыяцэзія, касцёл стаў кафедральным.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць