Праваслаўны храм у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці быў узведзены ў XIX стагоддзі на падмурках дзвюх цэркваў XVIII стагоддзя (драўлянай царквы, пабудаванай князем Радзівілам, і ўніяцкай Петрапаўлаўскай царквы). Размешчаны ў цэнтры вёскі, на левым беразе Рапусы. Храм з'яўляецца помнікам архітэктуры руска-візантыйскага стылю.
Візітны запіс за 1714 год сведчыць, што тут князем Радзівілам была пабудавана драўляная царква яшчэ да прыняцця уніі. Пазней на яе месцы была пабудавана Петрапаўлаўская ўніяцкая царква. У царкоўным архіве былі 2 кнігі візітных запісаў з 1732 па 1832 год, напісаныя на польскай мове. Руіны, якія існавалі ў 1961—2011 гадах, належалі каменнай Мікалаеўскай царкве, пабудаванай у 1858 годзе ўладальнікам маёнтка, графам Эмерыкам Чапскім пры дапамозе прыхаджан. Царква была пастаўлена на супрацьлеглым беразе ракі насупраць графскага палаца. Дзякуючы архітэктурнаму стылю храм візуальна быў уключаны ў агульны шырокі і маляўнічы палацава-паркавы ансамбль (захаваўся часткова). Пры царкве былі 3 штатныя народныя вучылішчы, дзякуючы чаму амаль чвэрць насельніцтва прыхода была пісьменнай. Царкоўны цвінтар быў акружаны каменнай агароджай.
У 1920 годзе Свята-Мікалаеўская царква была закрытая. З яе было вынесена ўсё самае каштоўнае: залатое начынне, срэбра, рызніцы, аклады, крыжы. Частка ікон была спалена, але некаторыя былі схаваны і захаваны вернікамі. На пераплаўку пусцілі ўсе званы, акрамя самага вялікага, які не змаглі зняць.
Некаторы час храм пуставаў, пазней ён выкарыстоўваўся ў якасці збожжасховішча. У час Вялікай Айчыннай вайны ў сценах храма захоўвалі зброю. У адным з баёў боепрыпасы былі ўзарваныя, з-за чаго пацярпеў інтэр'ер царквы. Пасля вайны ў царкве зноў захоўвалі збожжа, але пасля моцнага пажару, які здарыўся з-за навальніцы, яе перасталі выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах.
У сакавіку 1961 года на возеры прарвала старую плаціну. Для ўзвядзення новай плаціны былі разбураны некаторыя пабудовы сядзібы, а таксама Свята-Мікалаеўская царква. Толькі пасля трэцяга выбуху ўдалося часткова разбурыць будынак. Далей з дапамогай танкаў і сталёвых тросаў расцягалі сцены храма і разбурылі яго канчаткова.
У 1996 годзе архітэктар Вячаслаў Чарнатаў распрацаваў праект рэстаўрацыі храма, выкананне якога ажыццяўлялася да 2011 года.
Дата публікацыі: 05.10.2023.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму