Помнік рускім воінам


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

У гісторыю ваеннай кампаніі 1812 года Кобрын увайшоў як горад, у якім была здабыта першая буйная перамога рускай зброі. 15 ліпеня 1812 года ў баі пад Кобрынам была разгромлена саксонская брыгада, якая ўваходзіла ў склад напалеонаўскай арміі.

15 ліпеня 1812 года часці 3-й рускай арміі пад камандаваннем генерала Тармасава пад Кобрынам уступілі ў бой з саксонскім корпусам генерала Ж. Рэнье. Чатырохтысячны атрад саксонцаў склаў зброю. Былі ўзяты ў палон 2382 салдаты і 76 афіцэраў на чале з генералам Кленгелем. Пасля таго, як скончыўся бой, з больш за 600 драўляных будынкаў, якія былі ў горадзе, ацалела толькі каля 70. Усяго ў гэтай бітве загінула больш за 200 рускіх салдатаў.

У 1912 годзе да 100-годдзя з дня перамогі ў Кобрыне быў закладзены помнік. Яго ўзвядзенне адбывалася на добраахвотныя ахвяраванні вайсковых часцей 38-й пяхотнай дывізіі і 38-й артылерыйскай брыгады, а таксама жыхароў Гродзенскай губерні. Аўтар праекта, гродзенскі інжынер-будаўнік Д. Маркаў, бясплатна прыняў на сябе назіранне і кіраўніцтва за ўсімі працамі па ўзвядзенні помніка. Мураваныя работы ажыццяўляў майстар Ярасінскі з Брэста. Лепку і адліўку бронзавага арла, выкананне і ўстаноўку памятных мармуровых дошак ажыццяўляў вядомы варшаўскі скульптар Сігізмунд Ота.

На пастаменце з гранітных валуноў устаноўлены бронзавы арол з распасцёртымі крыламі і лаўровым вянком у кіпцюрах. На фасаднай і бакавых гранях пастамента — 3 мармуровыя дошкі. На пярэдняй дошцы надпіс: «Рускім воінам, якія атрымалі першую перамогу над войскамі Напалеона ў межах Расіі 15 ліпеня 1812 года», на бакавых пералічаны палкі, часці рускай арміі, што ўдзельнічалі ў Кобрынскай бітве, і фундатары помніка.

У час Першай сусветнай вайны былі зняты і згублены арол і бакавыя дошкі. Помнік быў адноўлены ў 1951 годзе пры ўдзеле скульптара Міхаіла Керзіна.

Дата публікацыі: 28.09.2023.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць