Кафедральны сабор Уваскрашэння Хрыстова (Свята-Ўваскрасенскі сабор)


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Свята-Уваскрасенскі сабор знаходзіцца ў Стара-Барысаве на рынкавым пляцы і з'яўляецца помнікам рэтраспектыўна-рускага стылю, прысутнічаюць таксама прыкметы стылізацыі форм маскоўскага царкоўнага будаўніцтва XVII стагоддзя. Сабор уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца архітэктурным упрыгажэннем Барысава.

Згодна з гістарычнымі крыніцамі, у 1865 годзе Барысаў перажыў пяць пажараў, якія знішчылі 345 дамоў. Агонь не пашкадаваў і драўляны сабор, які размяшчаўся побач з рынкам. У першай палове 1867 года былі прадстаўлены праект і каштарыс на будаўніцтва новага, каменнага сабора. Канчатковы праект быў распрацаваны архітэктарам Пятром Мяркулавым. Малюнак іканастасаў створаны губернскім архітэктарам Аўгустам Штраўхам. Кантракт на ўсталяванне трох іканастасаў і двух ківотаў быў заключаны з мешчанінам Ковенскай губерні Гіршам Эляшэўскім. Пытаннямі фінансавання будаўніцтва і забеспячэннем неабходнымі матэрыяламі загадваў маршалак мясцовага дваранства Уладзімір Ярмольскі. Будавалі храм высокакваліфікаваныя муляры з мястэчка Івянец. Само будаўніцтва працягвалася тры гады і скончылася 15 кастрычніка 1874 года.

У пачатку XX стагоддзя царкоўны стараста Ніл Бурцаў выступіў ініцыятарам пабудовы цаглянай званіцы. Гэта ідэя была ўвасоблена ў жыццё ў 1907 годзе з дапамогай мінскага епархіяльнага архітэктара Віктара Струева.

У 1937 годзе Свята-Уваскрасенскі сабор быў закрыты для богаслужэння, а крыжы з купалаў былі зняты. У будынку храма было ўладкавана збожжасховішча, а званіцу пераабсталявалі ў парашутную вышку. Падчас нямецкай акупацыі богаслужэнне ў саборы было адноўленае. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе храм пакінулі дзейным.

У 1988 годзе настаяцелем Свята-Уваскрасенскага сабора быў прызначаны протаіерэй Іаан Місяюк. З яго ініцыятывы была праведзена рэстаўрацыя храма. 16 чэрвеня 1997 года адбылося паўторнае асвячэнне званіцы Уваскрасенскага сабора. У 2005 годзе з-за прасадкі падмурка будынак храма быў прызнаны аварыйным і богаслужэнне ў ім перастала праводзіцца. З 2006 года пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Актыўнае садзейнічанне абнаўленню храма аказаў прызначаны ў 2010 годзе настаяцелем сабора епіскап Барысаўскі Веніямін (з 2020 года Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі). 28 красавіка 2013 года Веніямін здзейсніў першую пасля 7 гадоў літургію ў абноўленым храме. У 2014 годзе адбылося афіцыйнае адкрыццё Уваскрасенскага кафедральнага сабора.

Дзевяцікупальны трохапсідны храм мае кубападобны, квадратны ў плане цэнтральны аб'ём, з'яўляецца крыжовым у плане. Яго даўжыня складае 27 метраў, шырыня — 23 метры, а вышыня — 12 метраў. Чатырохсхільны дах, які завяршае двух'ярусны цэнтральны аб'ём, мае ў цэнтры цыліндрычны светлавы барабан і цыбульны купал, а па кутах збудаваны цыліндрычныя барабаны з макаўкамі. Такія ж купалы прысутнічаюць над апсідай і бакавымі прыбудовамі. Сярод дэкаратыўных элементаў багата ўпрыгожанага фасада — какошнікі, ліштвы аконныя і дзвярных праёмаў з паўкруглымі і трохкутнымі франтонамі, прафіляваныя карнізы, кутнія руставаныя пілястры, філёнгі, кантрастуючы з чырвоным цагляным фонам. Для галоўнага арачнага ўваходу выкарыстаны вялікі партал, які выглядае як прафіляваная арка на 4 бочкападобных слупах.

Дата публікацыі: 18.02.2023.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць