Слонім — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слонімскага раёна. Ён стаіць на рацэ Шчары, пры ўпадзенні ў яе ракі Ісы.
Паводле археалагічных даследаванняў, горад узнік у ХІ стагоддзі на месцы невялікага паселішча. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як Услонім у 1252 годзе. Верагодна, назва паходзіць ад слова “заслона”.
3 другой паловы ХІІІ стагоддзя Слонім уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. З канца ХІІІ стагоддзя згадваецца слонімскі ўмацаваны замак, вакол якога рос горад. Гандлёвыя шляхі звязвалі Слонім з Заходняй Еўропай, а рака Шчара выкарыстоўвалася для суднаходства. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 года. У 1531 годзе Слонім атрымаў ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога самакіраванне паводле магдэбургскага права. У 1591 годзе горад займеў свай сучасны герб (залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі). У XVI стагоддзі Слонімам валодалі Валовічы і Сапегі, у прыватнасці знакаміты канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. А ў XVIІ стагоддзі горад перайшоў да князёў Агінскіх. Асабліва моцна Слонім пацярпеў у выніку вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў.
Эканамічны і культурны ўздым Слоніма звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вялікага гетмана літоўскага, які ў другой палове ХVIII стагоддзя заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў друкарню, тэатр, капэлу, пабудаваў мануфактуры, канал (знакаміты канал Агінскага).
У 1795 годзе Слонім патрапіў у склад Расійскай імперыі. З 1801 года горад быў цэнтрам Слонімскага павета Гродзенскай губерні.
У 1825 годзе ў Слоніме жыло больш за 5 тысяч чалавек, налічвалася 700 дамоў, існавала 2 суконныя фабрыкі. У 1857 годзе колькасць жыхароў Слоніма ўжо складала больш за 9 тысяч чалавек.
У 1886 годзе праз Слонім прайшла чыгунка Баранавічы—Беласток. У выніку колькасць жыхароў павялічылася да 16 тысяч чалавек. У горадзе было двухкласнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае габрэйскае вучылішча і прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, а таксама мячэць. У пачатку ХХ стагоддзя былі адкрыты гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча.
У 1918 годзе Слонім стаў часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля Рыжскага міру 1921 года горад увайшоў у склад Польшчы і стаў цэнтрам павета ў Навагрудскім ваяводстве. З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года ўвайшоў у склад БССР. З 26 чэрвеня 1941 года быў акупаваны нямецкімі войскамі. Нацысцкая акупацыя прынесла гораду значныя людскія і матэрыяльныя страты. Слонім быў вызвалены ад нацыстаў 10 ліпеня 1944 года.
На сёння ў Слоніме жыве каля 50 тысяч чалавек, гэта адзін з турыстычных цэнтраў Гродзеншчыны. Горад уключаны ў турыстычна-экскурсійныя маршруты “Каменны летапіс Панёмання”, “На радзіму Тадэвуша Касцюшкі”, “Архіпелаг Сапегаў”, “Сядзібы, палацы, замкі”, “Архітэктурныя помнікі Слоніма”.
Дата публікацыі: 16.05.2022.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму