Свята-Міхайлаўская царква


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/a46ea409-d7f7-4f7a-91ca-451dca15c6e0.mp3

Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм, перавезены з вёскі Вылева Добрушскага раёна. Дзейнічае як храм-помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Адзіная ў Беларусі царква, перавезеная з Чарнобыльскай зоны адчужэння.

Першая царква ў весцы Вылева, вядомая з 1763 года, была ўніяцкай; у 1788 годзе яна адносілася да Гомельскай парафіі. Паводле гістарычных дакументаў, у 1838 годзе будынак знаходзіўся ў дрэнным стане. Пасля ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Расійскай імперыі ў 1839 годзе і пераводзе вернікаў і святароў у праваслаўе, былі атрыманыя сродкі на ўзвядзенне ў Вылеве новай царквы. Будаўніцтва храма скончылі ў 1846 годзе, а ў 1847 — асвяцілі новую царкву. З часам храм струхлеў, і 27 снежня 1909 года асвяцілі новы драўляны храмавы будынак.

У 1930-я гады ў выніку антырэлігійнай палітыкі савецкай улады царкву закрылі. У час нямецкай акупацыі вылеўскі храм зноў пачаў дзейнічаць і ў пасляваенны час больш не закрываўся.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1986 года вёска Вылева апынулася ў забруджанай зоне, жыхароў выселілі і царква перастала дзейнічаць. 6 чэрвеня 2000 года прынялі рашэнне перанесці царкву з вёскі Вылева ў Гомель. Храм на новым месцы асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт 26 красавіка 2006 года, у дваццатую гадавіну Чарнобыльскай аварыі. У 2007 годзе Свята-Міхайлаўскую царкву занеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Дата публікацыі: 05.01.2022.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць