Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — адзін з самых важных храмаў для каталіцкіх вернікаў Гомеля.
У 1989 годзе была афіцыйна зарэгістравана каталіцкая грамада ў Гомелі. Месца, дзе раней знаходзіўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, заняла праязная частка дарог. Вернікі прасілі гарадскія ўлады аддаць ім будынак, з якім іх хоць нешта звязвала, а менавіта будынак на Савецкай, 118. Тут раней знаходзіліся Новікаўскія могілкі і царква Нараджэння Багародзіцы, пабудаваная ў 1896 годзе. Хаця могілкі лічылі праваслаўнымі, тут таксама хавалі і каталікоў. З 1941 па 1944 год у будынку царквы збіраліся гомельскія каталікі. У пасляваенны час каталікі збіраліся патаемна ў прыватным доме на вуліцы Песіна, недалёка ад царквы.
У пачатку 1990 года гарадскія ўлады перадалі будынак каталіцкай супольнасці. Тады ж пачалі аднаўляць будынак, які атрымаў статус капліцы Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Такім чынам, каталікі захавалі назву былой праваслаўнай царквы.
У 1994 годзе на базе капліцы распачалі будаўніцтва новага касцёла. 9 снежня 2000 года касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі асвяціў кардынал Казімір Свёнтак.
У архітэктурным плане храм уяўляе сабою будынак неагатычнага стылю, які мае крыжападобную форму, тры нефы і дзве вежы (чатырохкантовыя з вострымі шпілямі). У адной з вежаў знаходзіцца званіца (яна прыбудавана да алтара), іншая прылягае да цэнтральнай сцяны храма. На ўваходзе ў касцёл вернікаў сустракае скульптура Дзевы Марыі. Тут жа знаходзіцца таблічка з надпісам на лацінскай мове "Ave Maria Vita Nova". На франтоне ўсталяваны крыж. Сцены ўпрыгожваюць вытанчаныя пілястры, якія зверху накрыты карнізам. Сапраўдным упрыгожаннем помніка архітэктуры з'яўляюцца прамавугольныя, а таксама аркавыя вокны з вітражамі. Касцёл мае два паверхі, а яго скляпенні аздоблены дрэвам. Унутры касцёла ўбранне сціплае і лаканічнае.
Дата публікацыі: 11.11.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму