Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/683d6d6e-2d45-4a3f-bff0-dc596560d2da.mp3

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту захоўвае і дэманструе традыцыйныя помнікі беларускага драўлянага дойлідства пад адкрытым небам у прыродным асяроддзі, набліжаным да натуральнага.

Музей быў заснаваны ў 1976 годзе на плошчы ў 151 гектар. Экспазіцыя размешчана ў маляўнічай прыроднай зоне аграгарадка Азярцо, у поймах рэк Пціч і Менка. Музей прапануе шмат цікавага для людзей, якія хочуць ведаць гісторыю беларускай вёскі, адчуць атмасферу мінулага ці проста адпачыць.

Цяпер у музеі працуюць 3 сектары: «Цэнтральная Беларусь», «Падняпроўе» і «Паазер'е». Кожны з іх уяўляе фрагмент тыповага паселішча канца XIX – пачатку XX стагоддзя з характэрнай забудовай, адпаведнай дадзенаму гісторыка-этнаграфічнаму рэгіёну. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 помнікаў народнай архітэктуры XVIII – пачатку XX стагоддзя.

Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь» прадстаўлены вёскай з характэрнай для гэтага тыпу паселішча планіроўкай: плошча з пабудовамі грамадска-культурнага цэнтра і вуліца з двухбаковай забудовай сядзіб. Культурна-грамадскі цэнтр складаюць: уніяцкая Пакроўская царква з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці канца XVIII стагоддзя, школа 1932 года пабудовы, грамадскі свіран. Па абодва бакі вясковай вуліцы размешчаны сядзібы з лінейнай забудовай двароў.

Экспазіцыйны сектар «Падняпроўе» прадстаўлены помнікамі народнай архітэктуры, у якіх жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся вакол прасторы адкрытага ўнутранага двара, як правіла, прастакутнай або квадратнай формы. Непадалёк стаіць адноўленая праваслаўная Свята-Праабражэнская царква 1704 года пабудовы з вёскі Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 2017 годзе адкрыты для наведвальнікаў млын шатровага стылю з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці.

Экспазіцыйны сектар «Паазер'е» ўяўляе сабой невялікую вёсачку і адасоблена размешчаны хутар. Тут жа прысутнічае царква XVIII стагоддзя з невялікай званіцай з вёскі Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Яшчэ адной славутасцю сектара з’яўляецца помнік народнай архітэктуры пачатку XX стагоддзя – вятрак з вёскі Янушоўка Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, тып млына, які рэдка сустракаецца ў Беларусі.

Музей праводзіць культурна-адукацыйныя праграмы і культурна-масавыя мерапрыемствы. Асаблівую ўвагу надаюць тэматычным экскурсіям, экскурсіям з інтэрактыўнымі элементамі. Таксама тут праводзяць фестываль «Эпоха рыцарства», авіяшоў «У-лётны фэст», ваенна-гістарычны фестываль «Рэканструкцыя падзей Першай сусветнай вайны», выставу-продаж вырабаў народных майстроў і сувенірнай прадукцыі.

У карчме, дзе раней спыняліся на начлег пастаяльцы, адзначалі святы і адпачывалі мясцовыя жыхары, сёння наведвальнікі музея могуць адпачыць і заказаць традыцыйныя стравы беларускай кухні.

Дата публікацыі: 09.04.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць